Аляксандар Лукашэнка сабраў нараду ў пытаньнях правядзеньня выбараў 26 студзеня 2025 году.
Як адзначаецца на ягоным сайце, у нарадзе ўдзельнічалі і прадстаўнікі сілавых органаў Беларусі.
Лукашэнка заявіў, што выбары павінны прайсьці ў святочнай атмасфэры — з музыкай і буфэтамі, і папярэдзіў аб магчымых «інфармацыйных, палітычных і іншых» правакацыях з боку апанэнтаў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі.
«Яны [правакацыі] былі, ёсьць і будуць. Проста варта не расслабляцца: „Ах, у нас грамадзтва такое — гэтыя, адмарожаныя самыя, яны ўцяклі і іншае...“ Хапае ў грамадзтве розных людзей. І расслабляцца тут нікому ні ў якім выпадку ня варта. Асабліва нам, органам улады на месцах. Трэба зыходзіць з горшага варыянту. Будзе лепш — ну і добра», — заявіў Лукашэнка.
Паводле яго, у Беларусі зрабілі высновы з 2020 году і разумеюць, што «ўладу растапыранымі пальцамі не ўтрымліваюць».
«Грамадзтва нібыта ў нас адзінае. Эканоміка дэманструе някепскія вынікі. Але павінен вам сказаць, што наступная пяцігодка будзе няпростай. Няпростая пяцігодка. І, магчыма, нават наступны год. Я заўсёды спрабую засьцерагчы грамадзтва ад нейкіх размоў пра санкцыі. Але іх жа ніхто не скасоўваў», — дадаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Праваабаронцы расказалі дэталі нядаўніх затрыманьняў: сілавікі прыходзілі ў справе аб «змове»Беларускія праваабронцы паведамілі, што 31 кастрычніка і 1 лістапада да шэрагу людзей па ўсёй краіне прыходзілі супрацоўнікі КДБ у рамках новай крымінальнай справы, заведзенай паводле арт. 357 КК («Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»).
Паводле «Вясны», частка затрыманых людзей цяпер знаходзіцца за кратамі, частка выйшла на волю ў якасьці сьведак у крымінальнай справе. Вядома, што некаторым затрыманым задавалі пытаньні пра дваровыя чаты, якія былі папулярныя ў пасьлявыбарны час у 2020-м.
31 кастрычніка паведамлялася аб масавых праверках і затрыманьнях у Смаргонях і Ваўкавыску. Вядома было таксама аб такіх выпадках у Менску, Гомлі, Маладэчне, Наваградку і Магілёве. 1 лістапада стала вядома, што на заводзе ў Хойніках затрымалі каля 20 чалавек, але на прадпрыемстве заявілі, што ў іх «усё спакойна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Былая прэс-сакратарка МУС, прадзяржаўны камуніст і Канапацкая. Каму, апроч Лукашэнкі, дазволілі зьбіраць подпісы для ўдзелу ў выбарах
Да збору подпісаў улады дапусьцілі 7 ляяльных да яе прэтэндэнтаў, ужо фармуюць 153 тэрытарыяльныя камісіі: 6 абласных і Менскую гарадзкую, 118 раённых, 4 гарадзкія — у гарадах абласнога падпарадкаваньня, 24 раённыя ў гарадах.
Прадстаўнікоў апазыцыі ў камісіях, якія ўжо сфармавалі, няма, усе апазыцыйныя партыі і многія грамадзкія аб’яднаньні і незалежныя прафсаюзы ў Беларусі зьліквідаваныя, а многія іх лідэры і актывісты знаходзяцца ў турмах і за мяжой у вымушанай эміграцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Інкамунікада — «бяз права перапіскі». Як Лукашэнка вярнуў у турмы для палітычных сталінскія парадкі