Ужо сёньня: 65 гадоў з дня нараджэньня Анатоля Сыса

Анатоль Сыс

Падзеі 26 кастрычніка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

26 кастрычніка 1959 году нарадзіўся Анатоль Сыс, беларускі паэт. Аўтар паэтычных зборнікаў «Агмень» (1988), «Пан Лес» (1989), «Сыс» (2002).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Маналёг «тутэйшага». Выступ Анатоля Сыса на «Дзядах» у сквэры Янкі Купалы ў Менску 1 лістапада 1987 АЎДЫЁ

Таксама ў гэты дзень

1795 ― адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай.

1863 — у Жэнэве ўтвораны Міжнародны Чырвоны Крыж.

1947 — праведзеная самая масавая дэпартацыя ўкраінцаў з Заходняй Украіны (каля 78 тысяч чалавек).

1956 — вывад з Аўстрыі войскаў СССР і заходніх саюзьнікаў – пераможцаў у Другой усясьветнай вайне, дзяржаўнае сьвята Аўстрыі, Дзень незалежнасьці і нэўтралітэту.

1956 — створанае Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ).

Штаб-кватэра МАГАТЭ ў Вене

1959 — у вёсцы Маладуша (Рэчыцкі раён) падчас школьнага суботніка выбухнула нямецкая супрацьтанкавая міна. Загінула амаль уся чацвёртая кляса мясцовай школы — 13 вучняў і іх клясная кіраўніца.

1962 — падчас Карыбскага крызісу савецкі лідэр Мікіта Хрушчоў пагадзіўся на вяртаньне ў СССР караблёў, якія везьлі на Кубу ядзерную зброю.

Прэзыдэнт ЗША Джон Кенэдзі падпісвае загад аб марской блякадзе Кубы, 24 кастрычніка 1962 г.

1987 — на турбазе «Палачанка» пад Менскам пачаўся І Вальны сойм беларускіх суполак нефармальнага руху.

2006 — экс-кандыдату ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандру Мілінкевічу Эўрапарлямэнт прысудзіў прэмію імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».

Аляксандар Мілінкевіч

2020 — На «Гродна-Азоце» пачаўся страйк. У 9 ВНУ краіны пачалі страйкаваць некаторыя студэнты.

У гэты дзень нарадзіліся

1635 — Міхал Казімір Радзівіл, дзяржаўны дзеяч ВКЛ.

1685 — Дамэніка Скарляці, італьянскі кампазытар, аўтар 555 санат для фартэпіяна.

1759 — Жорж Жак Дантон, правадыр францускіх якабінцаў.

1810 — Генрых Дмахоўскі, беларускі скульптар, удзельнік паўстаньня 1863 году. Падчас жыцьця ў ЗША Дмахоўскі стварыў скульптурныя партрэты Тадэвуша Касьцюшкі і амэрыканскага прэзыдэнта Томаса Джэфэрсана. Гэтыя бюсты і сёньня ўпрыгожваюць памяшканьне Кангрэсу ЗША. Вярнуўшыся на радзіму акурат у часе паўстаньня Каліноўскага, Дмахоўскі стаў паўстанцкім камісарам Дзісенскага павету. Вясною 1863 году ён загінуў у баі каля вёскі Парэчча пад Барысавам.

Генрых Дмахоўскі

1888 — Нестар Махно, украінскі рэвалюцыянэр, лідэр анархісцкага руху.

Нестар Махно

1916 — Франсуа Мітэран, прэзыдэнт Францыі, які кіраваў сваёй краінай два тэрміны па 7 гадоў (1981–1995).

Франсуа Мітэран (зьлева) і канцлер Нямеччыны Гельмут Коль на цырымоніі ўшанаваньня памяці ахвяраў сусьветных войнаў, Вэрдэн, 1984

1947 — Гілары Клінтан, былая кіраўніца Дзярждэпартамэнту ЗША (2009–2013).

Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан на сустрэчы зь беларускімі актывістамі ў Вільні, 2011

1959 — Зоя Белахвосьцік, артыстка.

У памяці

1806 — Шарль Агюстэн Кулён, францускі фізык і вайсковы інжынэр, які ў 1785 годзе экспэрымэнтальна вызначыў асноўны закон электрастатыкі (закон Кулёна).

1937 ― Юзэф Доўбар-Мусьніцкі, польскі вайсковы дзеяч, генэрал-лейтэнант расейскага войска, генэрал броні, кіраўнік вялікапольскага паўстаньня ў Познані (1918–1919).

1941 — Марыя Брускіна, Кірыл Трус, Уладзімер Шчарбацэвіч, удзельнікі антынацысцкага супраціву, павешаныя нацыстамі на браме дражджавога заводу ў Менску.

Першае публічнае смяротнае пакараньне ў акупаваным Менску, Кірыл Трус (Трусаў), Марыя Брускіна і Уладзімер Шчарбацэвіч, 26 кастрычніка 1941

1944 — Алесь Мілюць, паэт, загінуў на фронце ва Ўсходняй Прусіі.

1972 — Ігар Сікорскі, авіяканструктар, стваральнік першых у сьвеце гелікоптэраў.

Ігар Сікорскі пілятуе свой першы гелікоптэр VS-300, 1939 г.

1999 — Анатоль Іверс, паэт.