Тры праваабарончыя арганізацыі — Freedom House, Рэгіянальны цэнтар правоў чалавека і цэнтар ZMINA перадалі ў Міжнародны крымінальны суд доказы палітычнай індактрынацыі і мілітарызаванага перавыхавання ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыі Беларусі.
Як адзначаецца ў паведамленьні цэнтру правоў чалавека ZMINA, матэрыялы маюць 87 дадаткаў з эклюзіўнымі зьвесткамі, якія «пацьвярджаюць саўдзел беларускіх агентаў у выкараненьні ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасьці і ператварэньні дзяцей у ворагаў уласнай нацыі».
Правабаронцы сьцьвярджаюць, што вызначылі 18 інстытуцый, куды з 2021 году рэгулярна вывозілі дзяцей ва ўзросьце ад шасьці гадоў для перавыхаваньня, а таксама ідэнтыфікавалі 2219 украінскіх дзяцей, якія пацярпелі ад дыскрымінацыйнага перасьледу, што пацьвярджае шырокамаштабнасьць злачынства.
Праваабаронцы дэтальна апісалі ярархію датычных да гэтых працэсаў асобаў — ад калябарантаў з акупаваный Расеяй тэрыторый да адказных асобаў з Расеі, Беларусі і «саюзнай дзяржавы». Апроч таго, апісалі лягістыку вывазу, фінансаваньне і мэханізмы распрацованьня праграм перавыхаваньня.
У сваім звароце да Міжнароднага крымінальнага суду праваабронцы просяць пачаць расьсьледаваньне палітычнай індактрынацыі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей, якія маюць прыкметы злачынства супраць чалавецтва, а таксама выдаць ордэры на арышт падазраваных асобаў.
У той жа час прозьвішчы датычных грамадзян Беларусі, Украіны і Расеі праваабаронцы не назвалі.
Удзел у зборы зьвестак брала і арганізацыя BelPol.
Некалькі дзён таму кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» Павал Латушка паведаміў, што ў Беларусь незаконна вывезьлі больш за 3,5 тысячы ўкраінскіх дзяцей зь мінімум 20 акупаваных Расеяй населеных пунктаў Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У «Народным антыкрызісным упраўленьні» назвалі новую лічбу незаконна вывезеных з Украіны ў Беларусь дзяцей19 верасьня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь кіраўніком расейскай адміністрацыі Данецкай вобласьці Дзянісам Пушыліным заявіў, што дзяцей з Украіны прымаюць на лячэньне і адпачынак. «Яны вельмі задаволеныя. Праўда, мяне ледзь у суд нейкі не зацягнулі, што мы выкрадаем, выяўляецца, вашых дзяцей. Ну дык я прапанаваў і Ўкраіне, і амэрыканцам: калі ласка, прыяжджайце, знайдзіце хоць адно скрадзенае дзіця. Гэта ня нашы прынцыпы», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка прызнаў супрацу з акупаванай Расеяй Данецкай вобласьцю цягам апошніх дзесяці гадоў
11 верасьня ў Сэйме Польшчы ўхвалілі рэзалюцыю, у якой асудзілі выкраданьне Расеяй і Беларусьсю ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны і назвалі гэта «ганебным замахам на ідэнтычнасьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сэйм Польшчы: выкраданьне Расеяй і Беларусьсю ўкраінскіх дзяцей — ганебны замах на ідэнтычнасьць
Як украінскіх дзяцей вывозяць у Беларусь
- Датычнымі да выкрадзеньня ўкраінскіх дзяцей называюць беларускага паралімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча Аляксея Талая, ААТ «Беларуськалій», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і іншыя структуры.
- Ёсьць сьведчаньні, што ў Беларусі «перавыхоўваюць» прывезеных дзяцей у духу любові да Расеі.
- Шаўцоў, Талай і ягоны фонд былі ўключаныя ў 13-ы пакет санкцыяў Эўразьвязу супраць Расеі, прыняты 23 лютага 2024 году. Талай таксама быў уключаны ў санкцыйны сьпіс ЗША, прыняты напярэдадні другой гадавіны пачатку вайны ва Ўкраіне.
- 17 сакавіка 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна РФ Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго самага ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі, які прызнаўся ў вывазе дзяцей.
- 1 сьнежня 2023 году Міжнародная фэдэрацыя таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца прыпыніла сяброўства БЧК, бо арганізацыя ня вызваліла ад пасады генэральнага сакратара Дзьмітрыя Шаўцова, якога абвінавачваюць у дачыненьні да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Шаўцоў быў заўважаны на акупаваных тэрыторыях Украіны з праваеннай расейскай сымболікай на адзеньні.
- У рамках 56-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве прадстаўнікі Беларусі адпрэчылі абвінавачаньні ў адрас беларускіх уладаў у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Там заявілі, што Беларусь «робіць усё для ўзьяднаньня сем’яў», а дзяцей, якія прыбываюць у Беларусь, маўляў, не выкрадаюць з тэрыторыі Ўкраіны і не вывозяць пад прымусам, а «прымаюць на аздараўленьне».