Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Аляксандра Ляўданскага, арганізатара першых у Беларусі археалягічных экспэдыцый

Аляксандар Ляўданскі

Падзеі 10 верасьня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Гэты дзень у гісторыі

1517 — Францішак Скарына выдаў у Празе «Кнігу Ёва».

Помнік Скарыну ў Празе

1990 — адбылася ўстаноўчая канфэрэнцыя Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

1996 — Генэральная Асамблея ААН прыняла Дамову аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаваньняў. Дамова дасюль не набыла моцы, бо для гэтага яе павінны ратыфікаваць усе 44 дзяржавы, якія мелі ядзерныя энэргетычныя або дасьледчыя рэактары на момант яе прыняцьця. Індыя, Паўночная Карэя і Пакістан дамову ўвогуле не падпісалі. Расея ратыфікавала Дамову ў 2000 годзе, але ў лістападзе 2023-га адклікала ратыфікацыю. Такім чынам, дамову не ратыфікавалі 9 краін: ЗША, Ізраіль, Індыя, Іран, Кітай, Пакістан, Паўночная Карэя, Расея і Эгіпэт.

2020 — Літоўскі парлямэнт прызнаў Сьвятлану Ціханоўскую «лідэрам, абраным беларускім народам». Аляксандра Лукашэнку назвалі «нелегітымным кіраўніком Беларусі».

У гэты дзень нарадзіліся

1893 — Аляксандар Ляўданскі, беларускі гісторык і археоляг (расстраляны НКВД). Арганізатар першых у Беларусі навуковых археалягічных экспэдыцый. Зрабіў клясыфікацыю гарадзішчаў жалезнага веку, вызначыў іх культурна-археалягічную прыналежнасьць і арэалы археалягічных культур. Адзін зь першых выказаў думку, што гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі ў Цэнтральнай Беларусі належалі балцкім плямёнам. Дасьледаваў Віцебск, Воршу, Заслаўе, Барысаў і тэрыторыю Смаленшчыны.

1923 — Мікола Бірыла, мовазнавец, спэцыяліст у анамастыцы.

1929 — Яўген Глебаў, беларускі кампазытар, народны артыст Беларусі.

Васіль Быкаў і Яўген Глебаў

1979 — Янка Лайкоў, паэт, перакладнік, крытык.

Памерлі

1866 — Міхаіл Мураўёў, расейскі генэрал-губэрнатар Паўночна-Заходняга краю, душыцель вызвольных памкненьняў беларускага люду і русыфікатар.

1937 — Язэп Мамонька, палітычны дзяяч, расстраляны ў Карэліі, ахвяра сталінізму.

Язэп Мамонька

1942 — Павал Хоміч, каталіцкі сьвятар, расстраляны, ахвяра сталінізму.

1974 — Мэльхіёр Ваньковіч, пісьменьнік.

1990 — Міхась Саўка, мастак і рэстаўратар.