Сёлета Кітай скараціў імпарт зь Беларусі некаторых харчовых тавараў. Пра гэта сьведчаць зьвесткі Галоўнага мытнага ўпраўленьня КНР, на якія зьвярнула ўвагу выданьне Myfin.by.
За першыя паўгоду 2024 Кітай імпартаваў з Беларусі рапсавага алею на суму каля $130 млн. У параўнаньні з такім жа пэрыядам у леташнім годзе закупкі зьменшыліся больш як на $45 млн.
Імпарт мяса і харчовых субпрадуктаў свойскай птушкі з РБ скараціўся з $172,2 млн у першым паўгодзьдзі 2023 г. да $94,4 млн за паўгоду сёлета. Закупкі марожанай ялавічыны зьменшыліся з $46,8 млн да $41,6 млн.
Імпарт скараціўся і па іншых харчовых пазыцыях:
- малочная сыроватка – мінус $9 млн;
- малако і вяршкі, згушчаныя або салодкія – мінус $7,2 млн.
Раней паведамлялася, што сёлета Кітай удвая скараціў імпарт беларускіх калійных угнаеньняў. Паводле вынікаў шасьці месяцаў Кітай імпартаваў зь Беларусі калійных угнаеньняў на 481,55 млн даляраў, што на 51,2% менш, чым за такі ж пэрыяд мінулага году.
А кітайскі імпарт у Беларусь расьце. За мінулы год ён склаў 6,1 мільярда даляраў – у паўтара разы больш, чым у 2022 годзе. У выніку адмоўнае сальда ў гандлі з Кітаем за леташні год вырасла да 4,5 мільярда, супраць 2,6 мільярда годам раней.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пастаўкі беларускага калію ў Кітай за паўгода ўпалі ўдвая
Пасьля таго як ЗША спрасьцілі працэдуру ўвядзеньня другасных санкцый за парушэньне санкцыйнага рэжыму, кітайскія банкі сталі адмаўляцца ад вядзеньня разьлікаў для беларускіх і расейскіх кампаній.