У сваёй прамове ён назваў Іран галоўнай пагрозай бясьпецы на Блізкім Усходзе і ва ўсім сьвеце. Нэтаньягу заклікаў ЗША сумесна з Ізраілем стварыць вайсковы альянс для супрацьстаяньня іранскай пагрозе. Ён таксама папрасіў ЗША паскорыць пастаўкі Ізраілю вайсковай дапамогі, каб хутчэй дабіцца разгрому групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і ЭЗ.
Нэтаньягу пачаў прамову кароткім апісаньнем нападу ХАМАСу на поўдзень Ізраіля 7 кастрычніка 2023 году. Ён заявіў, што вайна супраць ХАМАС зьяўляецца «сутыкненьнем паміж цывілізацыяй і барбарствам, паміж тымі, для каго сьвятое жыцьцё, і тымі, хто славіць сьмерць». Ён падкрэсьліў, што Ізраіль вядзе вайну з тэрарызмам, які пагражае і ЗША, і арабскаму сьвету.
Нэтаньягу назваў галоўнай рухальнай сілай радыкальнага ісламізму Іран, які, на яго думку, стаіць за сьпінай як ХАМАСу, так і руху «Хезбала» ў Лібане і хусітаў у Емэне. Галоўнай мэтай Ірану ён назваў не Ізраіль, а ЗША, і падкрэсьліў, што Ізраіль сваімі баявымі дзеяньнямі абараняе ня толькі сябе, але і ЗША. У сувязі з гэтым ён заклікаў ЗША паскорыць пастаўкі Ізраілю вайсковай дапамогі.
Акрамя таго, Нэтаньягу заявіў аб неабходнасьці стварыць для супрацьстаяньня Ірану вайсковы альянс ЗША і Ізраіля, да якога маглі б далучыцца і іншыя краіны. Ён згадаў ініцыятыву «Угоды Абрагама» пад эгідай ЗША, падчас якой былі нармалізаваныя адносіны Ізраіля з Абʼяднанымі Арабскімі Эміратамі, Суданам, Бахрэйнам і Марока, і прапанаваў назваць новы альянс «Альянсам Абрагама».
Прэмʼер-міністар Ізраіля выклаў сваё бачаньне будучыні сэктара Газа пасьля заканчэньня ваеннай апэрацыі ізраільскай арміі. Паводле яго, Ізраілю важна, каб ХАМАС здаўся, склаў зброю і вярнуў усіх ізраільскіх закладнікаў. Сэктар Газа павінен быць дэмілітарызаваны і дэрадыкалізаваны, там павінна быць устаноўлена самакіраваньне палестынскай цывільнай адміністрацыі, настроенай на мірнае суіснаваньне з Ізраілем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль ударыў па порце, які кантралююць хусіты, і назваў гэта помстай за гібель грамадзяніна Беларусі ў Тэль-АвівеВайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
- 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў. Аднак ужо неўзабаве гэты мірны плян правалілі.
- 8 кастрычніка на пасярэдніцкіх перамовах у Эгіпце два бакі ў чарговы раз дамовіліся пра спыненьне агню. Гэта першая частка годы, распрацаванай адміністрацыяй прэзыдэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.