Ужо сёньня: 30 гадоў назад адбыўся першы тур прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі

Пераможца першага туру прэзыдэнцкіх выбараў—1994 Аляксандар Лукашэнка. 3 ліпеня 1994 году.

Падзеі 23 чэрвеня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Дата дня

23 чэрвеня 1994 году, роўна 30 гадоў назад, адбыўся першы тур выбараў прэзыдэнта Беларусі. У выбарах прынялі ўдзел Аляксандар Дубко — старшыня Саюзу аграрнікаў, Вячаслаў Кебіч — прэм’ер-міністар Беларусі, Аляксандар Лукашэнка — дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, Васіль Новікаў — сакратар ЦК ПКБ, Зянон Пазьняк — лідэр Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», Станіслаў Шушкевіч — былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі. У першым туры перамог Лукашэнка з 44,82 % галасоў, другое месца заняў Кебіч з 17,33 %, трэцяе было ў Пазьняк з 12,82 %, далей ішлі Шушкевіч (10,0 %), Дубко (6,0 %), Новікаў (5,0 %). Другі тур выбараў адбыўся 10 ліпеня.

Таксама ў гэты дзень

930 ― скліканы найстарэйшы зь дзейных сёньня парлямэнтаў ― ісьляндзкі Альтынг.

1758 — кароль і вялікі князь Станіслаў Ляшчынскі надаў Ушачам Магдэбурскае права і герб.

1812 — Войскі Напалеона I Банапарта ўварваліся ў Расейскую імпэрыю .

1846 ― Адольф Сакс атрымаў патэнт на саксафон.

Саксафон

1865 — завяршылася Грамадзянская вайна ў ЗША.

1894 ― утвораны Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК). Гэта адбылося ў Парыжы з ініцыятывы П’ера дэ Кубэртэна.

П'ер дэ Кубэртэн


1917 ― Першы Ўнівэрсал (асноўны закон) прыняты ўкраінскай Радай, ім абвешчаная незалежнасьць Украіны.

1944 — савецкія войскі пачалі апэрацыю «Багратыён», у выніку якой тэрыторыя Беларусі была вызваленая ад нацысцкай акупацыі.

1946 — беларускімі інтэлектуаламі-эмігрантамі ў Нямеччыне заснаванае Крывіцкае (Беларускае) навуковае таварыства.

1991 ― Малдова абвясьціла незалежнасьць.

1994 — адбыўся першы тур выбараў прэзыдэнта Беларусі.

2016 — грамадзяне Вялікай Брытаніі на агульнанацыянальным рэфэрэндуме прагаласавалі за выхад каралеўства з Эўрапейскага Зьвязу.

Мітынг прыхільнікаў Брэксыту, Лёндан, чэрвень 2016

У гэты дзень нарадзіліся

1777 ― Язэп Аляшкевіч, беларускі мастак.

1889 ― Ганна Ахматава, расейская паэтка, пісьменьніца, літаратуразнаўца, літаратурны крытык, перакладчыца.

Ганна Ахматава

1912 — Алан Матысан Тʼюрынг, ангельскі матэматык, распрацоўшчык першых вылічальных машын. Яго працы паслужылі асновай для стварэньня сучасных ЭВМ.

Алан Матысан Т'юрынг

1938 — Юры Хадыка, навуковец, мастацтвазнаўца, удзельнік нацыянальна-культурніцкага руху 1970–1980-х і нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х – пачатку ХХІ стагодзьдзя, адзін зь першых палітвязьняў у гісторыі незалежнай Беларусі.

Юры Хадыка ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, травень 1996. Фота з газэты «Свабода»

У памяці

79 — Вэспасіян, рымскі імпэратар.

1933 — Мікалай Шамяціла, япіскап, ахвяра сталінскіх рэпрэсій.

1947 ― Уладзімер Пічэта, беларускі і расейскі гісторык, выкладчык, першы рэктар БДУ, акадэмік АН БССР, акадэмік АН СССР.

Уладзімер Пічэта

1967 ― Мікола Дзямідаў, беларускі вайсковы і грамадзка-палітычны дзеяч.