Выбарчая камісія зацьвердзіла вынікі выбараў у трэці склад Каардынацыйнай рады.
«Папярэднія вынікі выбараў у Каардынацыйную раду, якія былі агучаныя 28 траўня, засталіся бязь зьменаў. Ад выбарчых суб’ектаў ніводнай скаргі не паступіла», — гаворыцца ў паведамленьні.
У галасаваньні прынялі ўдзел 6723 чалавекі. Яны галасавалі за адзін з 11 выбарчых сьпісаў. Выбары у Каардынацыйную раду трэцяга складу прайшлі 25–27 траўня.
Мандаты разьмеркаваліся наступным чынам:
Каманда Латушкі і рух «За Свабоду» — 28 мандатаў
Блёк Пракоп’ева-Ягорава — 13 мандатаў
«Еўрапейскі выбар» — 8 мандатаў
«Незалежныя беларусы» — 8 мандатаў
«Моладзевы наступ» — 8 мандатаў
«Наша справа» — 6 мандатаў
«Воля» — 6 мандатаў
«Хопіць баяцца» — 3 мандаты
Блёкі «Голас дыяспар — адзінства над межамі», «Краіна для жыцьця» і «Салідарнасьць» не пераадолелі трохадсоткавы бар’ер.
Галасы 237 чалавек сыстэма абазначыла як падазроныя, удакладніла Прыходзька.
З іх 108 належалі людзям з пратэрмінаваным пашпартам ці тым, хто спрабаваў стварыць ID другі раз. Да 68 выбаршчыкаў былі пытаньні ў справе якасьці фотаздымку, яшчэ ў 61 было адразу некалькі прыкмет рызыкі, паведаміла кіраўніца камісіі.
Для ўдзелу было зарэгістравана 12 выбарчых сьпісаў, адзін з іх — «Закон і правапарадак» на чале зь лідэрам арганізацыі былых сілавікоў ByPol Аляксандрам Азаравым — 24 траўня быў выключаны з гонкі пасьля скандалу з агітацыяй праз чат-бот пляну «Перамога» («Перамога» «).
Раней улады прызналі ўсе 12 выбарчых сьпісаў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». Пазьней Сьледчы камітэт адкрыў крымінальныя справы на 257 чалавек, якія выказалі жаданьне балятавацца ў Каардынацыйную раду.
Папярэднія склады арганізацыі, якая ўзьнікла падчас палітычнага крызісу ў Беларусі ў 2020 годзе, фармаваліся без прамога галасаваньня.