Хто шпіёніў за Радзінай і Саньнікавым і што такое Pegasus?

Pegasus

На тэлефонах беларускіх актывістаў і журналістаў ідэнтыфікавалі шпіёнскую праграму Pegasus. Што гэта за праграма, хто мог сачыць за беларусамі і як абараніць сябе ў лічбавыя часы?

Пра гэта ў «ПіКу Свабоды» расказвае экспэрт па лічбавай бясьпецы Мікалай Кванталіяні.

Pegasus — гэта праграмнае забесьпячэньне ізраільскай кампаніі NSO. На сусьветным рынку яно зьявілася ў 2011 годзе. Інструмэнт аказаўся прарывам у пагоні за злачынцамі і тэрарыстамі. Дзякуючы праграме Pegasus мэксыканскія ўлады захапілі наркабарона Хаакіна Гусмана, вядомага як «Эль Чапа». Эўрапейскія сьледчыя ліквідавалі глябальную пэдафільскую сетку, якая дзейнічае больш як у 40 краінах. У некаторых краінах, як пісала The New York Times, праграма выкарыстоўвалася і ў палітычных мэтах.

Для таго каб праграма захапіла мабільны тэлефон, дастаткова ведаць нумар яго ўладальніка. У выпадку Андрэя Саньнікава і Натальлі Радзінай гаворка ідзе пра актыўнасьць праграмы Pegasus у 2021, 2022 і 2023 гадах.

Цалкам размову глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

«Тэхнічна вашая прылада перастае быць толькі вашай. Па сутнасьці, яны могуць выпампаваць усе дадзеныя, паглядзець кнігу адрасоў, уключыць мікрафон, камэру, выдаліць нейкую інфармацыю або запампаваць нейкую інфармацыю. Гэта прылада, якую вы ўжо, на жаль, не кантралюеце. Звычайна такія тэхналёгіі даступныя дзяржавам. Але дзяржавы могуць злоўжываць гэтай тэхналёгіяй, тады пад атаку трапляюць журналісты, палітыкі, актывісты», — кажа Мікалай Кванталіяні.

Як сьцьвярджаюць спэцыялісты арганізацыі Citizen Lab, тэлефон Саньнікава быў заражаны Pegasus прыкладна 7 верасьня 2021 году. Тэлефон Радзінай атрымліваў падобную пагрозу тройчы — 2 і 7 сьнежня 2022-га і 16 студзеня 2023 году. Цэльлю, як кажа Кванталіяні, не абавязкова мусілі быць менавіта яны. Гэта маглі быць і тыя, з кім яны ў тыя дні сустракаліся.

Як вынікае з актыўнасьці Андрэя Саньнікава ў Фэйсбуку, 8 верасьня 2021 году ён быў на Эканамічным форуме ў Карпачы, на поўдні Польшчы. Гэта штогадовая імпрэза, на якую зьбіраюцца польскія чыноўнікі, палітыкі, бізнэсоўцы і экспэрты. 8 сьнежня 2022 году Натальля Радзіна прысутнічала на сустрэчы беларусаў Польшчы з прэзыдэнтам Анджэем Дудам у Прэзыдэнцкім палацы ў Варшаве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За палітычнымі, грамадзкімі дзеячамі, журналістамі зь Беларусі сачылі з дапамогай праграмы Pegasus

«ПіК Свабоды»

«ПіК Свабоды» — гэты YouTube-праграма і падкаст пра самыя важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.

Чатыры разы на тыдзень — з панядзелка па чацьвер — дасьведчаныя журналісты і рэдактары Свабоды выбіраюць для вас галоўныя навіны дня і тлумачаць, што яны значаць.

Па пятніцах мы рыхтуем тыднёвы аналітычны выпуск, у якім разам з вартымі даверу экспэртамі разьбіраем працэсы і тэндэнцыі ў палітыцы, эканоміцы, грамадзтве і культуры.

Як глядзець на YouTube

Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода. Падзеі і камэнтары» (@svaboda-news).

Новы выпуск дасяжны на канале штодня а 1830 менскага часу.

Як слухаць падкаст

Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Наш сайт
Apple Podcasts
Spotify
Soundcloud
Podcast Republic

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.