У Літве пачалі лічыць галасы на выбарах прэзыдэнта і рэфэрэндуме аб папраўках у закон аб грамадзянстве

Галасаваньне ў Вільні 12 траўня 2024

Галасаваньне на выбарах прэзыдэнта і рэфэрэндуме ў Літве завяршылася а 20-й гадзіне паводле мясцовага часу, які супадае зь беларускім. Пачынаецца падлік галасоў.

Паводле зьвестак Галоўнай выбарчай камісіі, якія цытуе Delfi, сёлета прагаласавалі 59,37% выбарнікаў. Гэта больш, чым у мінулыя гады.

Агульная яўка на выбарах 2019 году дасягнула 57,37%, у першым туры 2014 году — 52%.

Агулам у выбарчых сьпісах 2 385 234 грамадзяніны.

Сёлета за пасаду прэзыдэнта Літвы змагаюцца восем палітыкаў:

  • цяперашні прэзыдэнт, беспартыйны Гітанас Наўседа, прэтэндуе на другі тэрмін;
  • кіроўная Tėvynės sąjunga (Саюз Айчыны) — Літоўскія хрысьціянскія дэмакраты вылучаюць кандыдатам у прэзыдэнты прэм’ер-міністра Інгрыду Шыманіце;
  • Laisvės partija (Партыя Свабоды) — дэкана юрыдычнага факультэту Ўнівэрсытэту Вітаўта Вялікага Дайнюса Жалімаса;
  • апазыцыйная Darbo partija (Партыя працы) — свайго лідэра Андруса Мазуроніса;
  • Саюз дэмакратаў Vardan Lietuvos (У імя Літвы) — былога намесьніка міністра нацыянальнай абароны Гедрымаса Яглінскаса;
  • адвакат Ігнас Вегеле, доктар Эдуардас Вайткус і лідэр партыі «Nemunas Aušra» (Нёманская зара) Рэмігіюс Жэмайтайціс ішлі на выбары самавылучэнцамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АБСЭ ня будзе назіраць за літоўскімі выбарамі, бо Літва супраць назіральнікаў ад Беларусі і Расеі

Канстытуцыйны суд прызнаў за Жэмайтайцісам парушэньне прысягі і Канстытуцыі за антысэміцкія выказваньні, у выніку чаго палітык адмовіўся ад мандату дэпутату Сейму.

У той жа момант Вегеле адзначыўся сваімі выказваньнямі пра памылковасьць санкцый супраць Беларусі. Яго западозрылі ў абыходзе санкцый адносна суседняй краіны. Адвакат — найзаможнейшы з кандыдатаў.

Пераможцам будзе лічыцца кандыдат, які атрымае больш за 50% галасоў. У выпадку, калі ніводнаму з кандыдатаў не ўдалося дасягнуць большасьці, праз два тыдні арганізуецца другі тур, у які звычайна выходзяць два кандыдаты, якія атрымалі найбольшую колькасьць галасоў у першым. У другім туры кандыдат, які набраў у большасьць галасоў, будзе прызнаны пераможцам.

Падчас першага туру прэзыдэнцкіх выбараў праводзіцца і рэфэрэндум у пытаньні падвойнага грамадзянства. Зьмяніць Канстытуцыю прапануецца, выключыўшы зь яе фразу, якая цяпер не дазваляе грамадзянам Літвы набываць другое грамадзянства, — што «ніхто ня можа быць грамадзянінам Літоўскай Рэспублікі і іншай дзяржавы, акрамя асобных выпадкаў, прадугледжаных законам».

Прапанаваная зьмена ў рэдакцыю Канстытуцыі: «Грамадзянства Літоўскай Рэспублікі набываецца па нараджэньні і на іншых падставах, устаноўленых законам. Парадак набыцьця і страты грамадзянства вызначаецца законам».

Каб папраўка да Канстытуцыі была прынятая, за яе павінна прагаласаваць ня менш за палову літоўцаў, якія маюць права голасу.