Бахарэвіч, Цімафеева, Шупа: выдавецтва «Янушкевіч» анансавала літаратурнае турнэ па Эўропе. Дзе і калі пройдуць імпрэзы

Андрэй Янушкевіч, архіўнае фота

Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч, паэтка Юля Цімафеева, перакладчык і рэдактар Сяргей Шупа разам з выдаўцоў Андрэем Янушкевічам выпраўляюцца ў травеньскае турнэ па гарадах Эўропы.

Чытачоў на сустрэчы зь літаратарамі і выдаўцамі чакае нязмушаная шчырая размова, аўтограф-сэсія і магчымасьць набыць новыя кнігі.

«Гэта — насычаны драйвам прыгодніцка-авантурны раман Альгерда Бахарэвіча „Капітан Лятучая Рыба“, цалкам новы, поўны пераклад легендарнага рамана Мойшэ Кульбака „Зэлмэняне“ ў выкананьні Сяргея Шупы, пранізьлівы сваёй шчырасьцю „Мінскі дзёньнік“ Юліі Цімафеевай», — расказаў пра навінкі выдавецтва Андрэй Янушкевіч.

Праграма імпрэзаў у рамках турнэ:

  • Вільня, 9 траўня, 18.00. Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча (Vilniaus, 20)
  • Талін, 11 траўня, 17.00. Прастора Workland (Pärnu mnt., 12)
  • Уроцлаў, 18 траўня, 17.00. Biblioteka Słowianska. Dolnośląska Biblioteka Publiczna we Wrocławiu (Rynek, 58)
  • Прага, 19 траўня, 18.00. Kancelář demokratických sil Běloruska v České republice (Vodičkova, 9)

Андрэй Янушкевіч падчас імпрэзаў распавядзе пра эксклюзыўныя выдавецкія пляны і стан кніжнага рынку.

Імпрэзы пройдуць пры падтрымцы праграмы мабільнасьці ARTPOWER Belarus ад Беларускай рады культуры і Дацкага інстытута культуры пры фінансавым спрыяньні Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтае месца стане магнітам для беларусаў». У Варшаве адкрылася крама «Кнігаўка» выдавецтва «Янушкевіч»