Кватэру палітзьняволенага праваабаронцы «Вясны» Ўладзімера Лабковіча прадалі на аўкцыёне

Уладзімер Лабковіч

На 23 красавіка быў прызначаны аўкцыён па продажы нерухомасьці палітзьняволеных праваабаронцаў «Вясны» — Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча. На таргі выставілі 1/7 частку офіснага памяшканьня і двухпакаёвую кватэру. Ахвотных купіць офіс не знайшлося, а кватэру Ўладзімера Лабковіча ў выніку прадалі з аўкцыёну.

Аўкцыён, на якім прадавалі двухпакаёвую кватэру ў доме № 43 па вуліцы Тухачэўскага ў Менску, якая належыць юрысту праваабарончага цэнтру «Вясна» і каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімеру Лабковічу, пачаўся раніцай 23 красавіка на сайце «Белюрзабесьпячэньня».

Таргі пачаліся з 134 тысячы беларускіх рублёў, у іх бралі ўдзел тры чалавекі. Яны цягнуліся амаль да 19-й вечара, у выніку кватэру прадалі за 145 390 рублёў.

Ахвотнікаў набыць яшчэ адзін лот — 1/7 долі адміністрацыйнага памяшканьня ў Менску, на вуліцы Ложынскай, 16 — не знайшлося. Яна лічыцца за сябрам рады «Вясны», віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцінам Стэфановічам. У «Вясьне» паведамілі, што памяшканьне на вуліцы Ложынскай належыць сямі чальцам праваабарончай арганізацыі, раней яго выкарыстоўвалі для правядзеньня бясплатных івэнтаў — лекцый, дыскусій, выставаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На аўкцыён выставілі нерухомасьць асуджаных праваабаронцаў «Вясны»
  • 23 жніўня 2023 году МУС Беларусі прызнала праваабарончы цэнтар «Вясна» «экстрэмісцкім фармаваньнем». У міністэрстве лічаць, што арганізацыя займалася дзейнасьцю «па падрыхтоўцы замахаў на сувэрэнітэт і грамадзкую бясьпеку Рэспублікі Беларусь», а таксама дыскрэдытавала службовых асобаў.
  • Стэфановіч і Лабковіч — сябры праваабарончага цэнтру «Вясна». Іх, як і старшыню «Вясны», ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, асудзілі на працяглыя тэрміны зьняволеньня.
  • Уладзімера Лабковіча затрымалі 14 ліпеня 2021 году. Яму выставілі абвінавачаньні паводле арт. 228 КК Беларусі («Кантрабанда») і ч. 2 арт. 342 КК Беларусі («Фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і прыгаварылі да 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. У сьнежні 2023 году МУС дадало Лабковіча ў «сьпіс экстрэмістаў».
  • Валянціна Стэфановіча затрымалі 14 ліпеня 2021 году, судзілі па тых самых артыкулах, што і Лабковіча. Суд прыгаварыў праваабаронцу да 9 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Пазьней МУС дадало Валянціна ў «сьпіс экстрэмістаў». Са сьнежня мінулага году яго на паўгода перавялі ў памяшканьне камэрнага тыпу «за парушэньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кватэру Цапкалаў у Менску прадалі на аўкцыёне з другой спробы

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вераніка Цапкала абяцае вярнуцца ў сваю менскую кватэру і выгнаць «скупшчыкаў крадзенага»