25 красавіка будуць новыя судовыя слуханьні па «справе Ціханоўскага»

Зьлева направа і зьверху ўніз: палітвязьні Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў і Дзьмітры Папоў.

Слуханьні пройдуць у Гомельскім абласным судзе. Такая інфармацыя зьявілася на сайце Вярхоўнага суду.

У фармулёўцы на сайце гаворыцца пра «іншыя пытаньні, зьвязаныя з прывядзеньнем прысуду, вызначэньня, пастановы ў выкананьне». Больш канкрэтнай інфармацыі няма. У сьпісе — палітвязьні Ігар Лосік, Дзьмітры Папоў, Арцём Сакаў, Мікола Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і Ўладзімер Цыгановіч, якія былі асуджаныя на закрытым працэсе ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі 14 сьнежня 2021 году.

Сяргея Ціханоўскага тады асудзілі на 18 гадоў калёніі, Міколу Статкевіча — на 14 гадоў, Ігара Лосіка і Ўладзімера Цыгановіча — на 15 гадоў, Дзьмітрыя Папова і Арцёма Сакава — на 16 гадоў.

Новае паседжаньне мае весьці судзьдзя Мікалай Доля, які выносіў ім прысуды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд пакінуў прысуды фігурантам «справы Ціханоўскага» ў сіле. Іх этапуюць у калёніі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баранавічах памёр бацька палітыка і палітвязьня Міколы Статкевіча Віктар Статкевіч
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала генэральнага сакратара ААН умяшацца ў сытуацыю з палітвязьнямі ў Беларусі