Дырэктар ЦРУ: Без дапамогі ЗША Кіеў можа прайграць вайну да канца года

Уільям Бэрнс

Дырэктар ЦРУ Уільям Бэрнс заявіў, што Украіна цалкам здольная абараніць сябе з дапамогай ЗША, але калі дапамога не будзе ўхваленая зараз, Кіеў можа прайграць вайну да канца года.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Выступаючы на мерапрыемстве ў Прэзыдэнцкім цэнтры Джорджа Буша-малодшага на Капіталійскім пагорку, Бэрнс заклікаў заканадаўцаў ухваліць законапраект, які прадугледжвае выдзяленьне мільярдаў даляраў на ваенныя намаганьні Ўкраіны.

«З тым імпульсам, які надасьць вайсковая дапамога, у практычным і псыхалягічным пляне, украінцы цалкам здольныя ўтрымліваць свае пазыцыі на працягу 2024 года і абвергнуць напышлівае меркаваньне Пуціна аб тым, што час на яго баку», — сказаў ён.

Але калі дапамога ня будзе ўхваленая Кангрэсам, «карціна будзе значна больш змрочнай», дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пра дапамогу Ўкраіне: «Трэба надаць яе ў выглядзе крэдыту, а не падарунку»

«Існуе вельмі рэальная рызыка таго, што ўкраінцы могуць прайграць на полі бою да канца 2024 года, або што Пуцін, прынамсі, апынецца ў такім становішчы, калі ён, фактычна, зможа дыктаваць умовы палітычнага ўрэгуляваньня», — папярэдзіў кіраўнік ЦРУ.

За дзень да выступу Бэрнса сьпікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан прадставіў свой пакет замежнай дапамогі, які вісіць на валаску, пакуль сьпікер спрабуе набраць галасы, неабходныя для пачатку дэбатаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў ЗША паставіла на 20 красавіка галасаваньне па законапраекце аб дапамозе Ўкраіне

У сераду кіраўнік Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША генэрал Чарльз Браўн заявіў заканадаўцам, што «дасягнутыя вялікай працай посьпехі Украіны могуць быць страчаныя без нашай падтрымкі».

Міністар абароны Лойд Остын таксама папярэдзіў, што калі ўхвала дадатковага пакета дапамогі будзе адкладзеная, у саюзьнікаў і партнэраў ЗША «узьнікнуць сумневы ў тым, што мы зьяўляемся надзейным партнэрам».

Прэзыдэнт Джо Байдэн заявіў, што ён рашуча падтрымлівае законапраекты, апублікаваныя Джонсанам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кітай рэзка павялічыў пастаўкі мікраэлектронікі і іншага абсталяваньня ў Расею, якія тая выкарыстоўвае ў вайне з Украінай

Падтрымка Ўкраіны зараз датычыцца ня толькі вайны з Расеяй, заявіў Бэрнс.

«Размова таксама ідзе пра Сі Цзіньпіня ў Кітаі, яго амбіцыях, а таксама аб нашых саюзьніках і партнэрах у Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, — сказаў ён. — Гэта сапраўды пытаньне аб тым, ці разумеюць нашы праціўнікі нашу надзейнасьць і рашучасьць, і ці разумеюць гэта таксама нашыя саюзьнікі і партнэры».