Мінспорту хоча больш расейскіх турыстаў

Мяжа Беларусі і Расеі

Беларусь прапануе РФ зрабіць «сем сумесных крокаў» для паляпшэньня супрацоўніцтва ў турыстычнай сфэры.

Інфармацыйнае агенцтва «Позірк» прыводзіць словы, сказаныя сёньня ў Менску намесьнікам міністра спорту і турызму Алегам Андрэйчыкам на пленарным пасяджэньні Другога беларуска-расейскага турыстычнага кангрэсу.

У прыватнасьці, паводле яго, Менск лічыць неабходным правесьці «ўніфікацыю заканадаўства» ў галіне, а таксама «сынхранізаваць нарматыўна-прававыя базы», у тым ліку і лякальнага характару, каб зьняць бар’еры для разьвіцьця бізнэсу.

«Такая праца ўжо вядзецца, — адзначыў чыноўнік. — Але, на жаль, ня ўсё ідэальна ў дадзеным кірунку. Сёньня ёсьць шмат перашкодаў, над якімі трэба працаваць, асабліва ў рэгіянальных адносінах».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» ва ўмовах заходніх санкцый пашырае рэйсы ў Расею з абласных цэнтраў

«Сёньня Беларусь зьвязаная авіязносінамі з 16 расейскімі рэгіёнамі. Гэтага мала. Паводле дадзеных Міністэрства эканамічнага разьвіцьця РФ, якое вывучала пытаньне, аб запатрабаванасьці авіямаршрутаў зь Беларусьсю заявіла больш за 30 расейскіх рэгіёнаў», — сказаў Андрэйчык.

Паводле зьвестак Мінспорту, у 2023 годзе Беларусь наведалі 5,8 мільёна замежных турыстаў, больш за 5 мільёнаў зь іх (86,2%) — расейцы, зь якіх 223 тысячы — гэта арганізаваныя турысты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куды заводзіць русыфікацыя. У беларускай Беларусі цяперашні палітычны тэрор быў бы немагчымы. Блог Сяргея Дубаўца