Інстытут вывучэньня вайны ацаніў намеры Беларусі і Расеі супольна вырабляць самалёты

Кіраўнікі ўрадаў Расеі і Беларусі Міхаіл Мішусьцін і Раман Галоўчанка. Масква, 15 красавіка 2024

Беларусь і Расея 15 красавіка падпісалі міжурадавую дамову аб распрацоўцы лёгкага шматмэтавага самалёта «Асьвей».

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) не выключаюць, што Беларусь і Расея ўмацоўваюць сваё партнэрства ў авіяцыі, каб у будучыні супольна выпускаць баявыя самалёты.

«Расея і Беларусь умацоўваюць партнэрства ў вытворчасьці самалётаў і, імаверна, умацуюць сваю здольнасьць супольна вырабляць баявыя самалёты для выкарыстаньня Расеяй ва Ўкраіне», — адзначаецца ў справаздачы інстытуту за 15 красавіка.

15 красавіка ў Маскве па выніках сустрэчы кіраўнікоў урадаў Беларусі і Расеі Рамана Галоўчанкі і Міхаіла Мішусьціна былі падпісаныя некалькі міжурадавых дамоваў, у тым ліку аб распрацоўцы лёгкага шматмэтавага самалёта «Асьвей» з двума рухавікамі.

Дзяржаўныя СМІ Беларусі сьцьвярджаюць, што гэты самалёт будзе цывільны, а яго вытворчасьцю будзе займацца авіярамонтны завод у Баранавічах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўчанка ў Маскве прапанаваў «адным пакетам» падпісаць 30 плянаў па будаўніцтве «саюзнай дзяржавы»

На пачатку красавіка амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў ня выключыў, што на беларускіх прадпрыемствах арганізуюць вытворчасьць вузлоў для пасажырскай авіяцыі, а таксама невялікіх самалётаў для мясцовых авіяліній «Байкал» і «Ладога».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея перадасьць Беларусі заказы на вытворчасьць запчастак для самалётаў. Пакуль толькі цывільных