Лукашэнка прызнаў мінулы год у аграсэктары праваленым і запатрабаваў сабраць збожжа столькі, колькі яшчэ не зьбіралі

Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка заявіў аб неабходнасьці «рэвалюцыі ў аграрным машынабудаўніцтве і сельскай гаспадарцы» і параіў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў і абласьцей адмовіцца ад «фантазій» у набыцьці імпартнай сельгастэхнікі.

Аляксандар Лукашэнка заявіў аб неабходнасьці павялічыць ураджайнасьць збожжа і кармоў і перагледзець пытаньні дзяржаўнай падтрымкі аграпрамысловага комплексу.

«Задачы на 2024 год куды больш амбіцыйныя, чым учорашнія вынікі. Трэба зьбіраць каля 10 мільёнаў тон збожжа, 5 мільёнаў тон цукровых буракоў і больш за мільён тон рапсу на год», — заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб разьвіцьці вёскі і павышэньні эфэктыўнасьці аграрнай галіны.

Як адзначаецца на ягоным сайце, вынікі мінулага году амаль праваленыя, бо не ўдалося ўтрымаць узровень 2022 году.

«Аграрыі недабралі больш за адзін мільён тон збожжа, 63 тысячы тон гародніны і 10 тысяч тон ільновалакна. Амаль у кожнай трэцяй арганізацыі ўраджайнасьць збожжа склала ніжэй за 20 цэнтнэраў з гектара», — адзначаецца ў паведамленьні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «бесьпілётнага трактара» да «вайны ў полі». Як Лукашэнка 10 гадоў падымае сельскую гаспадарку

За апошнія 10 гадоў на чвэрць павялічыліся пасяўныя плошчы пад пшаніцу, але, як прызнаў Лукашэнка, амаль палова такіх плошчаў малапрыдатныя для гэтай культуры.

У 2023 годзе ў Беларусі сабралі 7,6 мільёна тон збожжа, у 2022-м — 8,7 мільёна тон, у 2021 — 7,3 мільёна тонаў. Большы ўраджай быў у 2014 годзе — 9,5 мільёна тон, у 2012 годзе намалацілі 9,2 мільёна тонаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін мэханізатар на ўсю гаспадарку і «абрад першай баразны». Як сёлета праходзіць «барацьба за рэкордны ўраджай»

Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў аб неабходнасьці правесьці «рэвалюцыю ў аграрным машынабудаўніцтве і сельскай гаспадарцы». Ён параіў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў і абласьцей адмовіцца ад «фантазій» аб набыцьці імпартнай сельгастэхнікі.

Апроч таго, ён даручыў прааналізаваць эфэктыўнасьць дзяржаўнай падтрымкі, якую атрымлівае сельская гаспадарка. «Трэба яшчэ раз разабрацца з гэтай падтрымкай. Адчуваю, што чым горш працуе прадпрыемства, тым большая падтрымка. Паўстае тады пытаньне, навошта тады добра працаваць. Гэта проста марнаваньне грошай», — заявіў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў сёлетні ўраджай збожжа «рэкордным». У Літве гэты «рэкорд» вышэйшы ўдвая