Белы дом: ЗША не імкнуцца да вайны з Іранам і да далейшай эскаляцыі

Паседжаньне Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША у ноч удару па Ізраілі.

Злучаныя Штаты будуць і надалей дапамагаць Ізраілю абараняцца ад пагрозаў, але не імкнуцца да вайны з Іранам і да эскаляцыі канфлікту на Блізкім Усходзе.

Пра гэта заявіў у нядзелю прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі ў адказ на пытаньне аб тым, ці падтрымае Вашынгтон магчымы ўдар Ізраіля па Ірану ў адказ на беспрэцэдэнтную атаку на Ізраіль з выкарыстаньнем сотняў бесьпілётнікаў і ракет, якую Іран ажыцьцявіў у ноч на 14 красавіка.

Тэгеран заяўляе, што гэтая атака, у сваю чаргу, была адказам на ўдар па іранскім консульстве ў Дамаску, і сьцьвярджае, што дасягнуў мэтаў аперацыі і зараз не імкнецца да далейшай эскаляцыі канфлікту, але гатовы нанесьці новыя, больш магутныя ўдары ў выпадку ўдараў Ізраіля па іранскай тэрыторыі.

Раней амэрыканскія СМІ са спасылкай на высокапастаўленых чыноўнікаў у Белым доме паведамілі, што прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у размове з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нэтаньягу сказаў, што Злучаныя Штаты ня будуць удзельнічаць у якіх-небудзь наступальных апэрацыях супраць Ірана. Пры гэтым ён запэўніў Нэтаньягу, што ЗША адданыя абароне Ізраіля. Злучаныя Штаты ўдзельнічалі ў адбіцці нападу на Ізраіль мінулай ноччу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль адбіў найбуйнейшую атаку Ірана. Падрабязнасьці нападу, пазыцыі бакоў, рэакцыі афіцыйнага Менску і дэмакратычных сілаў