Ізраіль рыхтуецца да атакі Ірану, ЗША ўзмацняюць вайсковую прысутнасьць у рэгіёне

Чалавек з выявай найвышэйшага лідэра Ірану Алі Хамэнэі падчас антыізраільскай дэманстрацыі ў Тэгеране. Красавік 2024 г., ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт ЗША перапыніў адпачынак дзеля тэрміновай нарады, у Ізраілі закрываюць школы. Ярданія закрывае сваю паветраную прастору.

Вашынгтон перакідвае ў блізкаўсходні рэгіён дадатковыя сілы ў сувязі з заявамі Тэгерану аб гатоўнасьці адказаць на нядаўні ўдар Ізраілю па іранскім консульстве ў Сырыі. «Мы перакідваем у рэгіён дадатковыя сілы, каб падтрымаць намаганьні дзеля рэгіянальнага стрымліваньня і ўмацаваць бясьпеку амэрыканскіх войскаў», — заявіў 13 красавіка прадстаўнік Пэнтагону.

Пры гэтым, як указвае Bloomberg, Вашынгтон мае намер актывізаваць «дыпляматычныя намаганьні дзеля ўтаймаваньня ваенных дзеяньняў». Раней прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн перасьцярог Іран ад нанясеньня ўдару ў адказ па Ізраілі. Ён дадаў, што Вашынгтон падтрымае Ізраіль і дапаможа яму абараняцца.

Паводле CBS, Ізраіль чакае нападу Ірану ў бліжэйшыя 24-48 гадзін. Мяркуецца, што напад будзе на поўдзень ці поўнач краіны. Пры гэтым крыніцы інфармацыйнага рэсурсу Axios адзначаюць, што іранскі напад будзе абмежаваным, каб не дапусьціць эскаляцыі сытуацыі ў рэгіёне.

Паводле інфармацыі нямецкага выданьня Bild, разглядаюцца два асноўныя варыянты нападу Ірану: мэтанакіраваны ўдар па канкрэтнай цэлі ў Ізраілі або за яго межамі ці шырокамаштабныя ракетныя абстрэлы ізраільскай тэрыторыі.

Начальнік штабу Арміі абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) Герцы Халеві адзначыў, што ізраільскія сілы гатовыя да любога сцэнару ў каардынацыі з войскам ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CBS: Іран можа нанесьці маштабны ўдар па Ізраілі ў бліжэйшыя суткі
  • Эскаляцыя ў рэгіёне пачалася пасьля таго, як 1 красавіка авіяцыя Ізраілю нанесла ўдар па консульстве Ірану ў Дамаску. У выніку абстрэлу загінулі сем чальцоў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, уключна зь некалькімі генэраламі. Пасьля гэтага духоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў, што «сіянісцкі рэжым будзе пакараны».
  • Ізраіль спыніў працу адукацыйных установаў па ўсёй краіне — дзіцячых садкоў, ВНУ, школаў, дзіцячых лягераў. Новыя інструкцыі, якія дзейнічаюць да 15 красавіка, забараняюць зборы ў колькасьці больш за 1000 чалавек. У гарадах усяго Ізраілю пачалі адкрываць грамадзкія бамбасховішчы, паведамляюць мясцовыя паблікі.
  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн тэрмінова вяртаецца ў Вашынгтон, каб абмеркаваць з камандай дарадцаў у нацыянальнай бясьпецы сытуацыю на Блізкім Усходзе. Пра гэта паведамілі ў Белым доме. Раней плянавалася, што прэзыдэнт ЗША правядзе выходныя ў штаце Дэлавэр.
  • Ярданія вырашыла часова закрыць сваю паветраную прастору перад пагрозай нападу Ірану на Ізраіль.
  • 13 красавіка іранскі спэцназ захапіў у Армускім праліве карабель пад сьцягам Партугаліі, які належыць ізраільскаму бізнэсоўцу. Ізраіль назваў тое, што здарылася, «пірацкай апэрацыяй злачыннага рэжыму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн заявіў аб «жалезнай» рашучасьці абараніць Ізраіль ад пагрозаў з Ірану
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран захапіў судна, якое належыць мільярдэру з Ізраілю