Іран захапіў судна, якое належыць мільярдэру з Ізраілю

Скрыншот відэа. Падчас захопу кантэйнэравоз MSC Aries іранскім спэцназам

Іран захапіў у Армузскім праліве кантэйнэравоз MSC Aries, які ішоў пад партугальскім сьцягам з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў у Індыю, паведамляе іранскае дзяржаўнае агенцтва IRNA.

Пасьля захопу танкер накіраваўся ў тэрытарыяльныя воды Ірану.

Паводле Associated Press, кантэйнэравоз MSC Aries зьвязаны зь лёнданскай кампаніяй Zodiac Maritime, якая ўваходзіць у Zodiac Group ізраільскага мільярдэра Эяля Офера. Кампанія MSC, якая базуецца ў Жэнэве, прызнала факт захопу судна і заявіла, што на борце знаходзіліся 25 чальцоў экіпажу.

МЗС Ізраіля абвінаваціў Іран у пірацтве і заклікаў сусьветную супольнасьць абʼявіць «Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі» тэрарыстычнай арганізацыяй.

Прадстаўнік прэс-службы Арміі абароны Ізраілю пасьля атакі заявіў, што Іран «панясе адказнасьць за рашэньні аб далейшай эскаляцыі сытуацыі». Пры гэтым прадстаўнік ЦАХАЛ наўпрост не згадаў інцыдэнт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: CBS: Іран можа нанесьці маштабны ўдар па Ізраілі ў бліжэйшыя суткі
  • Ізраіль 1 красавіка атакаваў іранскае консульства ў Сырыі, што прывяло да гібелі некалькіх высокапастаўленых афіцэраў «Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі». У Тэгеране паабяцалі адказаць на гэтыя дзеяньні.
  • Тэлеканал CBS са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе ЗША 12 красавіка паведамляў, што Іран можа нанесьці маштабны ўдар па Ізраілі ў бліжэйшыя суткі.
  • Іран рэгулярна захоплівае судны ля сваіх берагоў. Так, у студзені 2024 году ў Аманскім заліве быў захоплены амэрыканскі нафтавы танкер St Nikolas. Улады Ірану заявілі, што рашэньне аб затрыманьні танкера было прынятае «паводле рашэньня суда».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн заявіў аб «жалезнай» рашучасьці абараніць Ізраіль ад пагрозаў з Ірану