Жонка Алеся Бяляцкага паведаміла пра пагаршэньне ягонага здароўя ў турме

Заклікі вызваліць Алеся Бяляцкага ў Польшчы, ілюстрацыйнае фота

Для беларускага праваабаронцы, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага 9 красавіка стала тысячным днём у турме ў Беларусі. Ягоная жонка Натальля Пінчук у інтэрвію Associated Press расказала пра асьцярогі наконт здароўя мужа.

Натальля Пінчук адзначыла, што апошнія паўгода 61-гадовы праваабаронца знаходзіцца ў адзіночнай камэры, нягледзячы на хранічныя захворваньні.

«Ад людзей, якія выйшлі з турмы, я даведалася, што стан Алеся працягвае пагаршацца і ён не атрымлівае некаторыя неабходныя яму лекі», — паведаміла яна.

Жонка праваабаронцы заклікала Арганізацыю Аб’яднаных Нацый «дзейнічаць больш актыўна», каб дапамагчы Алесю Бяляцкаму, які адбывае 10-гадовы тэрмін за сваю праваабарончую дзейнасьць. У інтэрвію AP Нтальля Пінчук таксама заклікала садзейнічаць вызваленьню і іншых палітвязьняў у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 80 тысяч чалавек падпісалі пэтыцыю за вызваленьне Алеся Бяляцкага, які ўжо 1000 дзён знаходзіцца за кратамі
  • Больш як 81 тысяча чалавек падпісалі пэтыцыю аб вызваленьні Бяляцкага ад моманту яе стварэньня ў лістападзе 2022 году. Тады нямецка-швайцарская праваабарончая арганізацыя Libereco — Partnership for Human Rights і «Вясна» раней заклікалі падпісаць пэтыцыю за вызваленьне Алеся Бяляцкага і ўсіх палітычных зьняволеных Беларусі. Мэта кампаніі — сабраць 100 000 подпісаў і перадаць іх у амбасаду Беларусі.
  • Алеся Бяляцкага і калег арыштавалі 14 ліпеня 2021 года. У 1996 годзе Бяляцкі заснаваў беларускі праваабарончы цэнтар «Вясна», які сёньня можа працаваць толькі з эміграцыі. У 2022 годзе ён стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру разам з расейскім НДА «Мемориал» і ўкраінскім «Центром громадянських свобод».
  • Па стане на 9 красавіка, у Беларусі 1386 палітвязьняў, афіцыйна прызнаных праваабарончай супольнасьцю, але рэальная колькасьць людзей, асуджаных паводле палітычных матываў у Беларусі, можа быць значна большай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 27 нобэлеўскіх ляўрэатаў запатрабавалі вызваліць Алеся Бяляцкага і іншых беларускіх палітвязьняў