«Паедзем да нас, у Беларусію, у нас калгасаў няма». Як раскулачвалі ў Заходняй Беларусі

Каляж

Бацьку жыхара Заходняй Беларусі пасьля вайны адправілі ў ссылку на поўнач Расеі за «польскасьць». А ў ягонай сям’і забралі амаль усю зямлю, коней, кароваў і гумно. Поле тое дагэтуль калгаснае.

Праект Свабоды «На карысьць дзяржавы» расказвае пра тое, як у беларусаў адымалі маёмасьць. Як у розных пакаленьнях прыходзілі прадстаўнікі дзяржавы і на падставе законаў пазбаўлялі людзей іхнай зямлі, дамоў, быдла і іншай гаспадаркі. Як рэпрэсаваныя гаварылі або маўчалі пра адабранае. Як нашчадкі спрабавалі (або не) вярнуць сабе належнае. Гісторыя паўтараецца. І сёньня, у 2020-х, імем Рэспублікі Беларусь у беларусаў апячатваюць, арыштоўваюць, канфіскуюць кватэры, аўтамабілі, дамы.

Падставамі для адбіраньня ўласнасьці былі паўстаньне Кастуся Каліноўскага, сталінскія рэпрэсіі, некалькі хваляў калектывізацыі, раскулачваньне, надуманыя крымінальныя артыкулы супраць «ворагаў народу», «ненадзейных элемэнтаў», «польскіх шпіёнаў», аб’яднаньне Заходняй Беларусі з БССР, масавыя дэпартацыі, генацыд габрэяў падчас нямецкай акупацыі, пасьляваенныя арышты «калябарацыяністаў», нязгодных з калектывізацыяй, рэлігійных дзеячоў.

Сёньня ў жыхароў Беларусі арыштоўваюць маёмасьць праз крымінальныя справы, заведзеныя паводле «экстрэмісцкіх» артыкулаў, праз палітычна матываваны статус «тэрарыст», канфіскуюць кватэры пры дапамозе «завочных судоў» над тымі, хто не даспадобы рэжыму Лукашэнкі.

Калектывізацыя ў Беларусі, ілюстрацыйнае фота

Бацьку выслалі, бо «быў пад Польшчай»

Васілю* (імя суразмоўцы зьмененае, імёны ягоных памерлых продкаў сапраўдныя. — РС) за 70 гадоў, жыве ён у заходняй частцы Беларусі. Сам Васіль не застаў рэпрэсіяў, пад якія трапіла ягоная сям’я. Але дагэтуль некалькі разоў на год успамінае, як улады забралі зямлю і гумно.

Ягоны дзед Міхал нарадзіўся ў 1870-х гадах. Бацька Пятро падчас Другой усясьветнай вайны быў партызанам. Як доўга і ў якіх гадах, Васіль ня ведае.

«Беларусь вызвалілі ў 1944 годзе. Іх (партызанаў. — РС) вывелі ў горадзе, пастроілі ўсіх. Чырвонаармейцы, ці НКУСаўцы, ці хто. Сказалі зброю ўсю здаць і „ідзіце па дамах падымаць сельскую гаспадарку“», — успамінае Васіль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На карысьць дзяржавы». Гісторыя пра «сьвятога Рамана», ягоных кароваў і забітага старшыню сельсавету

У 1945 або 1946 годзе Пятра адправілі ў ссылку на поўнач Расеі.

«Усю працаздольную моладзь, як мой бацька, з 1920-х гадоў, літаральна пагалоўна ўсіх забралі. Выклікалі па позьве ў горад, адтуль у турму. Прымусілі падпісаць нейкія паперы, не чытаючы, і па этапе паперлі на Поўнач. Каго ў Мурманск, каго на Салаўкі, каго ў іншыя месцы», — кажа суразмоўца.

Ён тлумачыць, што людзей высылалі, бо тыя раней «пад Польшчай былі». І зьдзіўляецца, што не паглядзелі, што бацька ў партызанах змагаўся супраць фашыстаў. На Поўначы Пятро працаваў качагарам.

«Хадзілі на танцы ў пасёлак. З адной расейкай пазнаёміўся, казаў: „Паедзем да нас, у Беларусію, у нас калгасаў няма“. А ў іх жа былі адразу, з 1917 году. Ня ведаю, чаго яе выслалі, мо раскулачылі. Яна адмовілася ехаць, сказала, неўзабаве і вас такое будзе», — успамінае сын рэпрэсаванага.

Калектывізацыя ў Беларусі, ілюстрацыйнае фота

Шэсьць дзесяцін зямлі

На радзіму Пятро вярнуўся ў 1947 ці 1948 годзе. Тады ў іх акурат пачалася калектывізацыя.

«Да вайны ніхто не забіраў і не абагульваў маёмасьці ніякай. Позна ў нас гэта пачалося. Можа, у гэнай, ва Ўсходняй Беларусі, адразу пачалася, як і ў Расеі, мабыць. А тут жа Польшча была да 1939 году. Вайна, туды-сюды, саракавы год, пакуль ачухаліся. Яшчэ не пасьпелі нават ваенкаматаў зрабіць. У 1941 годзе вайна пачалася, падмазалі пяткі і ўцякалі ўсе гэтыя чыноўнікі, як немец даў», — разважае Васіль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На карысьць дзяржавы». Прадзеда выселілі, дзеда пасадзілі, бацьку ледзь не расстралялі. Гісторыя рэпрэсій сям’і палітыка Мілінкевіча

У сям’і дзеда Міхала было шасьцёра дзяцей, у тым ліку Пятро. У іх было «шэсьць дзесяцін зямлі» — гэта больш за 6 гектараў.

«Зямлю палякі далі. Колькі душ было, столькі і дзесяцін. Можа, не дарма давалі, можа, у крэдыт. У іх (продкаў. — РС) грошы былі, яны маглі і выкупіць. Гэта цяпер паспрабуй выкупіць! Цяпер у нас зямля ў арэндзе. Я пытаўся, колькі каштуе, каб выкупіць, мне сказалі, што грошай ня хопіць», — кажа суразмоўца.

Ягоны дзед зь дзецьмі жылі на гэтай зямлі. Самі яе апрацоўвалі, работнікаў не наймалі. Сям’я была вялікая, рук хапала, нават дзяцей асабліва не прымушалі да працы. Адным з крытэраў «кулакоў» у СССР лічыліся наёмныя работнікі на зямлі.

«Быў уцякач нейкі ў іх, расеец. Адкуль бег, у якім годзе, невядома. Што яны елі, тое і ён еў. І ён рабіў разам зь імі, на ежу сабе зарабляў. Мала жыў у іх», — успамінае Васіль.

Ілюстрацыйнае фота

Забралі амаль усё, пакінулі па 15 сотак

Падчас калектывізацыі ў сям’і забралі амаль усю маёмасьць: зямлю, быдла, гаспадарчыя пабудовы. Пакінулі 15 сотак зямлі і асобна яшчэ 15 сотак на сына, які пасьпеў ажаніцца і пабудаваць свой дом.

«Тады ва ўсіх пазабіралі гаспадарку, зямлю і запісалі ўсіх у калгас, і ўсіх коней, і гэтае гумно. Гумно я яшчэ памятаю. У гумно складалі ўсе снапы, збожжа. Каровы, мусіць, тры былі, коней недзе чацьвёра. Гэта ўсё ў калгас забралі. Каня ніводнага не пакінулі, карову адну пакінулі. Кожнай хаце пакідалі па 15 сотак, незалежна ад таго, колькі там жыло», — кажа Васіль.

Ён успамінае, што людзі ўсё адно лічылі забранае сваім, хаця карысталіся гэтым усе. Дакумэнтаў на адабраную ўласнасьць людзі ня мелі.

«Ніякіх дакумэнтаў ніхто не выдаваў, не засталося ніякіх дакумэнтаў. Можа, у архівах КДБ якіх і ёсьць», — кажа Васіль.

Ён расказвае, што быў выпадак, калі жанчыны ў вёсцы, якія няблага жылі і мелі два гумны, добраахвотна аддалі ў калгас адно зь іх. Другое ім пакінулі карыстацца. Яшчэ адзін вясковец не аддаў зямлі. Як ён так здолеў, ва ўспамінах не захавалася. Васіль думае, што той «надта дужы быў».

«Ніхто нічога не абмяркоўваў паміж сабой, хто ж стане падымаць гэта», — кажа суразмоўца пра тое, як вяскоўцы рэагавалі на калектывізацыю.

Сялянскія бунты 1932-33 гадоў, людзі на вуліцы

Конь у калгасе «амаль што памёр»

Пасьля «абагульваньня земляў» людзі хадзілі працаваць у калгас. Пятра паслалі вучыцца на трактарыста-машыніста.

«У калгасе дадуць троху збожжа, часам троху грошай, але ў асноўным збожжам расплачваліся. Мой бацька мялкі і малатарні цягаў, лён мяў», — успамінае Васіль.

Ягоны дзядзька хадзіў на заробкі ў іншы калгас, мяў лён ручной мялкай. Васіль успамінае, што вярнуўся ён адтуль галодны.

«Ня ведаю, колькі ён там зарабіў. Прыйшоў, стукае ў вакно. Вушы на шапцы завязаныя, з носу лядзяш вісіць... Кашу бульбяную ядуць, саган кашы стаіць пасярэдзіне і міска вялікая з саладухай. Кашу кожны чэрпае, саладухай засёрбвае. Дзядзька, каб яшчэ мацней было, і хлебам закусвае. Баба кажа: „Язык зламаеш“», — расказвае Васіль.

Зь ягоных успамінаў, кіраваць калгасамі ў Заходнюю Беларусь прывезьлі начальнікаў з Расеі. Участковымі ў раёне таксама былі расейцы, як і супрацоўнікі НКУС і КДБ. Васіль дагэтуль памятае прозьвішчы старшыняў і розных начальнікаў.

Аднойчы ягоныя бацька зь дзедам прыйшлі ў калгас і ўбачылі там свайго змучанага каня.

«Конь ледзь на нагах стаяў, за лейцы быў прывязаны да столі, каб не зваліўся. Дзед сказаў, што ў нас такога б не было, мы б яго і кармілі, і даглядалі, а ён у калгасе амаль што памёр», — успамінае суразмоўца.

Кампэнсацыі за забраную маёмасьць сям’я пазьней не атрымлівала. Зямля, якую тады забралі ў сям’і Міхала, дагэтуль служыць калгасным полем.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі працэс аб’яднаньня індывідуальных сялянскіх гаспадарак у калгас праходзіў у некалькі этапаў. Спачатку, у 1922–1928 гадах, калектывізацыя ў БССР была добраахвотнай. З 1929 году пачалася суцэльная прымусовая калектывізацыя, зьвязаная з «раскулачваньнем» і жорсткімі рэпрэсіямі супраць тых, хто яе не падтрымліваў. За 10 гадоў калектывізавалі 90% прыватных гаспадарак. На тэрыторыі Заходняй Беларусі хваля калектывізацыі прыпала на канец 1940-х гадоў — пачатак 1950-х гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узьяднаньне Заходняй і Ўсходняй Беларусі як адзін з важных вынікаў вайны для беларусаў