Беларусь прывяла ў баявую гатоўнасьць брыгаду, якая дысьлякуецца на мяжы з Польшчай

Вайсковыя вучэньні ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Шостая асобная мэханізаваная брыгада Заходняга апэратыўнага камандаваньня дысьлякуецца ў Фолюшы ў Горадні — напрасткі гэта менш за 20 кілямэтраў ад мяжы з Польшчай.

У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб пачатку чарговага этапу праверкі баявой гатоўнасьці падразьдзелаў Узброеных сіл Беларусі.

Як паведамілі ў прэсавай службе ведамства, у ходзе гэтага этапу праверкі танкавыя і інжынэрныя вайсковыя часткі і падразьдзелы 6-й асобнай мэханізаванай брыгады Заходняга апэратыўнага камандаваньня прыводзяцца ў гатоўнасьць да выкананьня задач па прызначэньні.

«Асабовы склад на штатным узбраеньні выйдзе на палігоны і прызначаныя ўчасткі мясцовасьці, дзе зь імі пройдуць вучэньні і трэніроўкі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

6-я асобная мэханізаваная брыгада Заходняга апэратыўнага камандаваньня дысьлякуецца ў Фолюшы ў Горадні — гэта менш за 20 кілямэтраў ад мяжы з Польшчай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Горадні: «Мы рыхтуемся да вайны. Я пра гэта кажу шчыра»

11 сакавіка Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб пачатку ва Ўзброеных сілах праверкі баявой гатоўнасьці злучэньняў і вайсковых частак у адказ на правядзеньне ля межаў Беларусі вучэньняў NATO.

Першага красавіка ў Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб пачатку вучэньняў з выкарыстаньнем рэактыўных сыстэм залпавага агню «Палянэз».

На тэрыторыі Беларусі ўвесь час ад моманту расейскага ўварваньня ва Ўкраіну амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Беларусі прыехаў на палігон, дзе некалькі дзён таму памёр прызыўнік у часе збораў