У Менску асудзілі жанчыну за знойдзеныя ў воблачным сховішчы яе тэлефона здымкі пратэстаў-2020

Акцыя пратэсту ў Менску ў 2020 годзе. Здымак Паўла Крычко

Жанчыну абвінавацілі ў тым, што на трох акцыях пратэсту яна выходзіла на праезную частку, «блякавала і перашкаджала руху транспартных сродкаў».

У судзе Маскоўскага раёну Менску 6 сакавіка асудзілі 49-гадовую бухгальтарку Натальлю Хлызову на тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у трох пасьлявыбарных акцыях пратэсту ў 2020 годзе.

Як паведаміла праваабарончая арганізацыя «Вясна», судзьдзя Юлія Варакса прызнала яе вінаватай паводле ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (А«ктыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»).

Жанчыну абвінавацілі ў тым, што ў часе трох акцый пратэсту яна выходзіла на праезную частку, «блякавала і перашкаджала руху транспартных сродкаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гэмінгуэй, Стывэн Гокінг і Ўладзімер Караткевіч. Што журналіст Карней чытае на «Валадарцы» 

Натальля на судзе віну прызнала цалкам. Яна расказала, што сапраўды зь іншымі асобамі ўдзельнічала ў трох акцыях, аб правядзеньні якіх даведалася з навін у СМІ. Разумела, што правядзеньне гэтых масавых мерапрыемстваў было абумоўлена грамадзка-палітычнымі падзеямі ў дзяржаве, аднак «паставілася да свайго ўдзелу ў іх несур’ёзна». На судзе жанчына не аспрэчвала, што сваім знаходжаньнем на праезнай частцы сумесна зь іншымі асобамі блякавала рух грамадзкага транспарту.

Падчас удзелу ў акцыях Натальля фатаграфавала сябе і мужа, а таксама іншых асобаў на свой тэлефон. Агулам міліцыянты знайшлі сем здымкаў з пратэстаў, якія захаваліся ў воблачным сховішчы. У пратаколах агляду некаторых здымкаў пазначана, што «фатограф разьмяшчаецца на праезнай частцы дарогі».

З прысуду, які апублікаваны на pravo.by, вынікае, што здымкі з пратэстаў знайшлі на тэлефоне, калі яе выклікалі ў РУУС Маскоўскага раёну Менску.

Да суду Натальлю ўтрымлівалі пад закладам у памеры 8000 рублёў.

Улічваючы, што ў жанчыны на ўтрыманьні дзіця, суд прызначыў ёй тры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 3 красавіка: маладэчанца асудзілі на 6 гадоў калёніі за два данаты; затрымалі супрацоўніка «Нафтана»