У супольнай заяве гаворыцца, што Аб’яднаны пераходны кабінэт і Офіс Ціханоўскай падтрымліваюць фармаваньне Каардынацыйнай рады як шырокага прадстаўнічага органа дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці праз правядзеньне выбараў, але падкрэсьліваецца, што на «сёньня правядзеньне выбараў не падрыхтаванае»:
«Ня выпрацаваныя супольныя дакумэнты і сыстэма галасаваньня, ня створаная выбарчая камісія, плятформа для галасаваньня, якая б выключала магчымыя маніпуляцыі. Пры неналежнай падрыхтоўцы выбары ў Каардынацыйную раду не забясьпечаць шырокі ўдзел розных груп дэмакратычных сіл і беларускага грамадзтва, празрыстасьць і дакладнасьць вынікаў», — падкрэсьліваецца ў заяве Офісу Ціханоўскай і АПК.
Таксама прадстаўнікі АПК і Офісу Ціханоўскай адзначаюць, што «рашэньні аб правядзеньні выбараў павінны быць прынятыя супольна ўсімі асноўнымі палітычнымі актарамі», што неабходна «для захаваньня еднасьці дэмакратычных сіл і для таго, каб кампанія выбараў у Каардынацыйную раду стала істотнай падзеяй для беларускага грамадзтва».
Камэнтуючы гэту заяву падчас прэс-канфэрэнцыі 2 красавіка, прысьвечанай выбарам у Каардынацыйную раду трэцяга скліканьня, сьпікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў зазначыў, што выбарчая сыстэма была ўзгодненая з АПК і Офісам Ціханоўскай. Паводле яго, «гэта фактычна тая сыстэма, якая была раней прапанаваная АПК і Офісам» — прапарцыйныя выбары паводле сьпісах, кожны выбарнік мае адзін голас, ёсьць гендэрныя квоты.
«Гэта значыць на ўзроўні выбарчай сыстэмы ўсё ўзгоднена», — сказаў Ягораў.
Ён заявіў, што ў адпаведнасьці з «правіламі і палажэньнямі» Каардынацыйнай рады, цяпер фармуецца незалежная выбарчая камісія, якая будзе забясьпечваць кантроль за ходам выбарчага працэсу і праверку вынікаў выбараў, а тэхнічная плятформа для галасаваньня створаная і праходзіць тэставаньне.
«Таму казаць пра непадрыхтаванасьць выбараў не даводзіцца», — падкрэсьліў сьпікер Каардынацыйнай рады.
Падчас прэс-канфэрэнцыі сьпікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў таксама паўтарыў ужо агучаны раней графік выбарчай кампаніі ў Каардынацыйную раду, распавёў пра ключавыя аспэкты выбарчага працэсу, этапы правядзеньня выбарчай кампаніі і мэханізм анлайн-галасаваньня за кандыдатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каардынацыйная рада апублікавала графік сваёй выбарчай кампанііВыбары будуць праходзіць онлайн празь лічбавую онлайн-плятформу, распавёў стваральнік плятформаў «Голас» і «Новая Беларусь» Павал Лібэр. Паводле яго, плятформай змогуць бясьпечна карыстацца і беларусы ўнутры краіны, і беларусы за мяжой пры «пры мінімальным выкананьні правілаў бясьпекі».
Паводле Лібэра, на плятформе «ня будзе ніякага цэнтральнага рэестру зьвестак, ня будзе чалавека, які гэтыя зьвесткі можа відазьмяніць скрасьці, прадаць і г.д. — гэта будзе тэхнічна немагчыма», дзеля бясьпекі карыстальнікаў плятформы. На плятформе будуць некалькі спосабаў для вэрыфікацыі людзей (пакуль вырашаецца, гэта будуць 2 ці 3 спосабы).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я думаю, што Лукашэнка ня ўмее карыстацца інтэрнэтам». Павал Лібер пра магчымасьць пераменаў і грамадзкую сьвядомасьць- 25 сакавіка Каардынацыйная рада апублікавала графік сваёй выбарчай кампаніі.
- Згодна зь ім, галасаваньне на выбарах у Каардынацыйную раду мусіць прайсьці з 25 па 27 траўня 2024 году.
- Дэдлайн у рэгістрацыі кандыдатаў — 22 красавіка, агітацыя зойме месяц — з 25 красавіка па 25 траўня.
- Канчатковыя вынікі выбараў у Каардынацыйную раду плянуюць абвясьціць 8 чэрвеня 2024 году, а правесьці першае паседжаньне Каардынацыйнай рады 3-га склiканьня — 15 чэрвеня 2024 году.