Целаахоўнік Лукашэнкі ўзначаліў прыватную ахоўную кампанію «Гардсэрвіс»

Адзіную ў Беларусі прыватную ахоўную кампанію «Гардсэрвіс» з правам ужываньня зброі ўзначаліў супрацоўнік службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі — Юры Альшэўскі.

Пра гэта паведамляе праект «Бюро».

«Бюро» з дапамогай «Кібэрпартызанаў» даведалася, што Альшэўскі каля 20 гадоў служыць целаахоўнікам Аляксандра Лукашэнкі, суправаджаў Лукашэнку ў замежных камандзіроўках — у 2017 годзе ў Індыю, у 2018 годзе ў Кітай, а ў 2019-м у Туркмэністан.

Жонка Альшэўскага — Сьвятлана Сакалоўская — на сёлетніх выбарах стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. Ды выбараў яна займала пасаду першай намесьніцы старшыні КДК Менскай вобласьці.

Альшэўскі ўжо трэці дырэктар «Гардсэрвісу» з 2020 году. Раней кампанію ўзначальвалі Яўген Чанаў і Ўладзімір Арэх. Чанаў — былы вайсковец 5-й брыгады спэцыяльнага прызначэньня, якая базуецца ў Мар’інай Горцы, старшыня фонду вэтэранаў сілаў спэцыяльных апэрацыяў. У жніўні 2020 года Чанава зьмяніў Арэх — былы начальнік упраўленьня тылу Заходняга апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сілаў Беларусі. Арэх быў дырэктарам да лістапада 2023 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BelPol: «„Гардсэрвіс“ мае цэлы арсэнал зброі, але ахоўвае ўсяго двух чалавек — Шэймана і Алексіна»

Кампанія «Гардсэрвіс» — адзіная ў Беларусі прыватная ахоўная арганізацыя, якая мае адмысловы дазвол на набыцьцё, захоўваньне і перадачу сваім супрацоўнікам зброі. Гэты дазвол кампанія атрымала дзякуючы ўказу Лукашэнкі, выдадзенаму ў чэрвені 2020 году.

У лістападзе 2023 году BelPol апублікаваў расьсьледаваньне пра тое, што «Гардсэрвіс» мае цэлы арсэнал зброі і пры гэтым ахоўвае толькі двух чалавек — Віктара Шэймана і набліжанага да беларускіх уладаў бізнэсоўца Аляксея Алексіна. Пры гэтым грошы кампанія зарабляе праз сумнеўныя схемы перапродажу нерухомасьці, якую «Гардсэрвіс» бязвыплатна атрымаў ад дзяржавы.