Хэльсынкі: Расея — самая вялікая пагроза бясьпецы Фінляндыі

Зачынены памежны пераход на фінска-расейскай мяжы

На думку фінскіх праваахоўнікаў, дзейнасьць расейскіх спэцслужбаў уяўляе найбольшую пагрозу для бясьпекі Фінляндыі.

Для Расеі суседняя краіна — «мэта шпіёнскай дзейнасьці і шкоднага ўплыву», — цытуе DW заяву паліцыі бясьпекі Фінляндыі (Supo).

У дакумэнце адзначаецца, што ў 2023 годзе Фінляндыя здолела падарваць умовы для працы расейскіх выведнікаў дзякуючы актыўнасьці контравыведкі, высылцы супрацоўнікаў спэцслужбаў з краіны і строгай візавай палітыцы. Тым ня менш выведныя апэрацыі Масквы па-ранейшаму ўяўляюць пагрозу. У прыватнасьці, яны могуць быць накіраваныя супраць фінскіх грамадзян, якія ўсё яшчэ падарожнічаюць ці пражываюць у Расеі, і для фінскіх грамадзян у трэціх краінах, заявілі ў Supo.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Фінляндыя перастала пускаць у краіну аўтамабілі з расейскімі нумарамі

Кібэрасяродзьдзе і крытычная інфраструктура асабліва ўразьлівыя перад пагрозамі апэрацый уплыву і шпіянажу. Тым ня менш, паводле ацэнкі контравыведнікаў, маштабныя апэрацыі, накіраваныя на паралізаваньне нармальнай працы нацыянальнай крытычнай інфраструктуры на тэрыторыі Фінляндыі, у кароткатэрміновай пэрспэктыве застаюцца малаімавернымі.

Расея будзе далей практыкаваць «інструмэнталізацыю іміграцыі», каб выказаць «сваю незадаволенасьць уступленьнем Фінляндыі ў NATO», адзначаецца ў дакумэнце. У Supo ўпэўненыя, што ў Расеі няма прычын зьмяняць сваю памежную палітыку ў найбліжэйшай будучыні. «Гэта доўгатэрміновая пагроза, гэта просты спосаб для Расеі трымаць Фінляндыю ў напружаньні», — патлумачыў выканаўца абавязкаў кіраўніка фінскай спэцслужбы Тэему Турунен.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Абраны прэзыдэнт Фінляндыі паабяцаў не кантактаваць з Масквой да канца вайны

Фінляндыя, якая мае 1340-кілямэтровую мяжу з Расеяй, у лістападзе зачыніла ўсе памежныя пераходы, каб спыніць паток шукальнікаў прытулку, які фінскія ўлады разглядаюць як «гібрыдную атаку», зладжаную Масквой. Мяжа застанецца закрытай як мінімум да 14 красавіка.