ЗША падалі ў суд на Apple за «манапалізацыю рынка смартфонаў»

iPhone 15 Pro and iPhone 15 Pro Max

ЗША падалі судовы пазоў супраць кампаніі Apple, абвінаваціўшы яе ў манапалізацыі рынка смартфонаў і прыгнечаньні канкурэнцыі. Міністэрства юстыцыі ЗША так і заяўляе: кампанія Applе скарысталася сваім поўным кантролем над iPhone, каб незаконна абмежаваць магчымасьці канкурэнтаў і свабоду пакупальніцкага выбару.

У пазове адзначаецца, што кампанія Applе «душыць» распрацоўкі новых мабільных праграм і зьніжае прывабнасьць прадуктаў-канкурэнтаў.

Apple папярэдзіла пра намер рашуча супрацьдзейнічаць пазову і адпрэчыла ўсе абвінавачаньні ў свой адрас, паведамляе ВВС.

У шырокай скарзе, пададзенай у фэдэральны суд Нью-Джэрсі, заяўлена, што Apple выкарыстоўвала шэраг дзейных правілаў для спробы «перашкодзіць інавацыям» і «задушыць» канкурэнтаў. Дзяржава абвінаваціла каліфарнійскую кампанію ў перашкаджэньні канкурэнцыі з боку фірмаў, якія прапануюць свае паслугі, адначасова абцяжарваючы карыстальнікам iPhone опцыю пераходу на альтэрнатыўныя апэрацыйныя сыстэмы.

Генпракурор Мерык Гарланд заявіў, што кампанія Apple «падрывае разьвіцьцё новых мабільных праграм, іншых прадуктаў і паслуг, якія маглі б аслабіць залежнасьць карыстальнікаў ад iPhone».

Паводле зьвестак Міністэрства юстыцыі ЗША, доля кампаніі Apple на рынку смартфонаў ЗША перавышае 70%. Разам з тым доля Apple на рынках за межамі ЗША нярэдка перавышае 65%, гаворыцца ў публікацыі ВВС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея заявіла, што кампанія Apple заплаціла ў бюджэт звыш 13 млн даляраў антыманапольных штрафаў