«За гады знаходжаньня ва ўладзе рэжым дэвальваваў асноўны закон гэтак жа моцна, як рубель», — Ціханоўская да Дня Канстытуцыі

Сьвятлана Ціханоўская. Архіўнае фота

Беларускія дэмакратычныя сілы прапануюць сваё бачаньне Канстытуцыі, якая гарантуе захаваньне правоў і свабодаў, паведаміла лідэрка дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская ў Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка.

«За гады знаходжаньня ва ўладзе рэжым дэвальваваў асноўны закон гэтак жа моцна, як рубель. Таму сёньня размовы пра трыюмф дэмакратыі ў краіне гэткія ж фальшывыя, як нядаўнія бязвыбары ці аповеды прапаганды аб квітучай „сацыяльнай“ дзяржаве. Беларусі важна мець Канстытуцыю, якая працуе, якая абараняе людзей, а не ператварае іх у закладнікаў сыстэмы», — заявіла палітык.

Беларускія дэмакратычныя сілы прапануюць сваё бачаньне Канстытуцыі, якая гарантуе беларусам захаваньне правоў і свабодаў, зазначыла Ціханоўская. Яна таксама паведаміла пра канфэрэнцыю дзеля абмеркаваньня пакету законаў для Новай Беларусі, якая праходзіць у Вільні з удзелам беларускіх і міжнародных экспэртаў.

«Каб прапановы адпавядалі эўрапейскім стандартам, мы рыхтавалі іх разам з міжнароднымі партнэрамі. І пастараліся пераняць самыя сучасныя дэмакратычныя практыкі. Адрозьненьне нашага падыходу ад падыходу рэжыму ў тым, што мы імкнемся да адкрытага дыялёгу», — дадала Ціханоўская.

Яна заклікала беларусаў пакідаць водгукі і прапановы аб паляпшэньні законапраектаў і Канстытуцыі. Можна далучыцца да абмеркаваньня на плятформе «Новая Беларусь», пісаць на пошту constitution@tsikhanouskaya.org або ў @AskOffice_Bot.

  • 15 сакавіка 1994 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў першую Канстытуцыю незалежнай Беларусі. Апазыцыя БНФ у галасаваньні ня ўдзельнічала, бо выступала супраць увядзеньня пасады прэзыдэнта, заявіўшы, што гэта прывядзе да дыктатуры. Канстытуцыю падпісаў старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 30 гадоў таму ў Беларусі прынялі Канстытуцыю і ўвялі прэзыдэнцтва. Як гэта было
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо сёньня: Гадавіна прыняцьця першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь