На разьвітаньне на Паўночных могілках у Варшаве прыйшлі 100–150 чалавек.
Цела Лізаветы ўнесьлі ў залю разьвітаньня. Труна закрытая. Пераважаюць белыя колеры. Людзі прыйшлі зь белымі кветкамі на просьбу сваякоў. Белая труна. Пэрсанал пахавальнай залі ў белых строях.
Прыехалі сьвятары. Шмат журналістаў з розных краін. Каля могілак дзяжурыць паліцыя і хуткая дапамога. На разьвітаньне прыехаў Зянон Пазьняк з жонкай Галінай. Стаяць моўчкі.
Чуваць плач. У залі грае ціхая музыка, людзі моўчкі падыходзяць да труны і ўскладаюць кветкі.
Даніла, хлопец загінулай Лізаветы, у ранейшай размове зь «Белсатам» выказаў вялікую падзяку ўсім за шчырую падтрымку.
«Я атрымаў вялізную колькасьць прапановаў дапамогі ад беларусаў, украінцаў, палякаў. Дактары, юрысты, служкі царквы і проста неабыякавыя людзі ўвесь гэты час падтрымлівалі, дапамагалі, былі побач, маліліся. Дзякую за вашыя добрыя сэрцы і падтрымку...»
- 25 лютага на 25-гадовую беларуску Лізавету, якая вярталася раніцай дадому, напаў мужчына ў масцы. Ён прыставіў ёй да шыі нож, сілай адцягнуў яе да суседняй брамы, дзе пабіў і згвалтаваў. Аголеную Лізавету, якая ляжала на сходах без прытомнасьці, знайшоў вартаўнік і паведаміў у паліцыю.
- Першага сакавіка Лізавета памерла ў шпіталі, у якім прабыла амаль тыдзень пасьля нападу. Шостага сакавіка ў польскай сталіцы прайшоў марш яе памяці.
- Падазраваным аказаўся 23-гадовы грамадзянін Польшчы. Яго арыштавалі на тры месяцы. Адпаведна выстаўленым абвінавачаньням яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
- Здарэньне ўразіла ня толькі суайчыньнікаў загінулай беларускі, але і грамадзян іншых краін. У вядучых польскіх СМІ тэма сьмяротнага згвалтаваньня Лізаветы некалькі дзён была адной з асноўных.
- У сваю чаргу намесьніца міністра юстыцыі Польшчы Марыя Эйхарт заявіла ў этэры TVN24, што вызначэньне згвалтаваньня ў Крымінальна-выканаўчым кодэксе Польшчы зьменяць, «каб яно стала злачынствам, а не — як сёньня — правапарушэньнем».