ЗША абвясьцілі пра першы пакет вайсковай дапамогі Ўкраіне з канца 2023 году

Ілюстрацыйнае фота. Рэактыўныя сыстэма залпавага агню HIMARS

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна паведаміла, што накіруе Ўкраіне вайсковую дапамогу на 300 мільёнаў даляраў.

Дарадца Байдэна ў нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван заявіў 12 сакавіка, што фінансаваньне надасьць Міністэрства абароны ЗША, якое заашчадзіла на кантрактах, паведамляе Reuters. Саліван удакладніў, што сродкі будуць выкарыстаныя для артылерыйскіх снарадаў і боепрыпасаў для рэактыўных сыстэмаў залпавага агню HIMARS. Але дапамогі хопіць усяго на некалькі тыдняў, дадаў дарадца Байдэна.

Гэта першы пакет дапамогі за некалькі месяцаў, у той час як законапраект, які прадугледжвае вылучэньне Ўкраіне больш за 60 мільярдаў даляраў, дагэтуль не займеў падтрымкі ўсяго Кангрэсу ЗША.

Белы дом спрабуе знайсьці спосабы накіраваць Украіне больш вайсковай дапамогі з таго часу, як ухваленае заканадаўцамі папярэдняе фінансаваньне скончылася ў канцы сьнежня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн зьвязаў захоп Аўдзееўкі расейскімі войскамі зь бязьдзейнасьцю Кангрэсу і заклікаў яго ўхваліць дапамогу Ўкраіне
  • Сёлета Расея ўзмацніла атакі на фронце пры недахопе боепрыпасаў і ракет ва ўкраінскага войска.
  • Ужо некалькі месяцаў улады ЗША, якія лічацца найбуйнейшай крыніцай вайсковай дапамогі для Ўкраіны з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня, ня могуць дамагчыся ўхваленьня паставак новай зброі ў краіну з прычыны тупіковай сытуацыі ў Кангрэсе. Прыняцьцю адпаведнага законапраекту перашкаджаюць рэспубліканцы — прыхільнікі экс-прэзыдэнта Дональда Трампа. Яны ўвязваюць пытаньне зь мерамі бясьпекі на паўднёвай мяжы.
  • Прадстаўнікі амэрыканскай выведкі заявілі 11 сакавіка Кангрэсу, што калі Злучаныя Штаты не адправяць дапамогу Ўкраіне ў бліжэйшы час, Узброеным сілам Украіны будзе цяжка спыніць наступ Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз пераадолеў пярэчаньні Вугоршчыны і ўхваліў дадатковы пакет дапамогі Ўкраіне на 50 мільярдаў эўра