Мае амэрыканскую адукацыю, быў у полі зроку сілавікоў. Хто стаў адказным за эканоміку ў Адміністрацыі прэзыдэнта

Аляксандар Ягораў

У 2020 годзе Аляксандар Ягораў хваліў фільм Дудзя пра амэрыканскую Крэмніевую даліну і казаў, што гэта пра месца, «дзе людзей вучаць быць такімі, якім я сябе бачу».

Аляксандар Лукашэнка 7 сакавіка прызначыў новага намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта, адказнага за эканамічны кірунак. Ім стаў 38-гадовы Аляксандар Ягораў, які да апошняга часу ўзначальваў Банк разьвіцьця.

Ягораў замяніў на пасадзе Максіма Ермаловіча, які адпраўлены на працу ў Эўразійскую эканамічную камісію — міністрам па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляваньні. У розныя гады гэтую пасаду ў Адміністрацыі прэзыдэнта займалі Дзьмітры Круты, Мікалай Снапкоў, Андрэй Тур, Андрэй Кабякоў і іншыя.

Аляксандра Ягорава вылучае той факт, што чыноўніку ўсяго 38 гадоў. Ён родам зь Менску. Ад 2002 да 2007 году ён вучыўся ў БДУ, атрымаў адукацыю па спэцыяльнасьці «матэматык-эканаміст». У 2011–2012 вучыўся ў магістратуры каледжа Ўільямса (ЗША, штат Масачусэтс), дзе атрымаў ступень магістра гуманітарных навук.

Калі меркаваць са старонкі Ягорава ў сацыяльнай сетцы LinkedIn, то яшчэ ў 2007 годзе ён пачаў працу ў Нацыянальным банку вядучым экспэртам. Ад 2009 да 2011 году працаваў у беларускім прадстаўніцтве Міжнароднага валютнага фонду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Сініцына да Качанавай. Як склаўся лёс былых кіраўнікоў Адміністрацыі прэзыдэнта

Пасьля магістратуры вярнуўся на працу ў Міністэрства эканомікі, а ў 2015 годзе перайшоў у «Беларусбанк». Ад 2019 году быў там намесьнікам старшыні праўленьня. У сакавіку 2021-га Ягораў стаў кіраўніком Банку разьвіцьця, таго самага, які раней узначальваў Сяргей Румас.

Паводле зьвестак BelPol, Аляксандар Ягораў трапляў у поле зроку сілавікоў праз тое, што часта тэлефанаваў дырэктару Мёрскага мэталапракатнага заводу Аляксею Кавалёнку, які пазьней апынецца за кратамі за злоўжываньне ўладай і ўхіленьне ад падаткаў.

У 2020 годзе Ягораў рэагаваў на сваёй старонцы ў фэйсбуку на фільм Юрыя Дудзя пра амэрыканскую Крэмніевую даліну. Ягораў адзначае, што сам бываў у Крэмніевай даліне і слухаў курс па дызайн-мысьленьні ў Стэнфардзкім унівэрсытэце.

«Ці даведаўся я нешта новае — не, ці асвоіў новыя тэхнікі — не, ці знайшоў цікавых людзей — часткова. Самае галоўнае, я падсілкаваўся пачуцьцём, якое можна ахарактарызаваць як жаданьне перадаць веды», — пісаў Ягораў.

Далей ён працягвае, што найлепшую адукацыю ў жыцьці атрымаў у ціхай амэрыканскай вёсачцы з насельніцтвам у 8 тысяч чалавек, калі вучыўся ў коледжы Ўільямса.

«І я не пра эканоміку, якая таксама была бліскучая, гэта пра крытычнае мысьленьне. Падчас вучобы і пасьля яе ўва мне проста крычала пачуцьцё падзяліцца ведамі. Напэўна, гэтае пачуцьцё зьмешваецца з нарцысізмам, мне падабаецца, калі мяне слухаюць», — адзначае ён.

Пасьля гэтага ён піша, што фільм Дудзя — «пра месца, дзе людзей вучаць быць такімі, якім я сябе бачу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На расейскага журналіста Дудзя напісалі данос пасьля інтэрвію зь сямейнай парай Цыгановых

Ад 2013 году Аляксандар Ягораў у шлюбе з Анастасіяй Цынгель (дзявочае прозьвішча). На старонцы ў фэйсбуку ў яе напісана, што яна выпускніца Менскага каледжу прадпрымальніцтва па спэцыяльнасьці «Банкаўская справа». «ЎКантакце» напісана, што Анастасія таксама канчала Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт эканомікі.

У пары ёсьць сын Данік, які нядаўна пайшоў у школу. Калі меркаваць па сацыяльных сетках Анастасіі Ягоравай, сям’я часта вандруе — ААЭ, Казахстан, Турэччына, Расея. Наведвалі яны пасьля 2020 году і Эўразьвяз, у прыватнасьці, былі на адпачынку ў Тэнэрыфэ. Да 2020 году паездкі ў Эўропу былі часьцейшыя — Францыя, Італія, Гішпанія.

У шапцы профілю Анастасіі Ягоравай у Інстаграме стаіць спасылка на пэтыцыю супраць хатняга гвалту ў Расеі.

Паводле зьвестак BelPol, Анастасія Ягорава працавала ў «Белгазпрамбанку». Гэта пацьвярджаюць дадзеныя з сацыяльнай сеткі LinkedIn. Анастасія была ў структуры «Белгазпрамбанку» ад 2007 да 2020 году. Сыходзіла з пасады вядучага эканаміста. Гэта якраз тыя гады, калі банк узначальваў Віктар Бабарыка. Адтуль жонка чыноўніка перайшла на працу ў ІТ-кампанію SoftClub, бізнэс-аналітыкам.

Анастасія — ураджэнка Барысаглебску Варонескай вобласьці Расеі. Мае беларускае грамадзянства.

Бацька Аляксандра Андрэй Ягораў працуе дацэнтам катэдры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізыкі фізычнага факультэту БДУ. Бацька родам зь Ліды. Вядома, што маці чыноўніка працавала інжынэрам на «Гарызонце».