У Варшаве адбыўся марш у памяць беларускі Лізаветы, якая памерла пасьля згвалтаваньня

Удзельнікі маршу «Яе звалі Ліза» на месцы трагедыі, 6 сакавіка 2024 году, Варшава

Сьмерць 25-гадовай беларускі Лізаветы атрымала вялікі розгалас у Польшчы. У імя загінулай яе суайчыньнікі разам з польскімі і ўкраінскімі фэмактывісткамі зладзілі ў цэнтры Варшавы марш, да якога далучыліся звыш тысячы чалавек.

«Тое, што здарылася зь Лізай, магло адбыцца зь любой з нас», — зазначалі ў анонсе маршу «Miała na imię Liza» яго арганізатаркі Наста Базар, беларускія фэміністкі, Fundacja Kraina, Fundacja Martynka, Fundacja Feminoteka, Ogólnopolski Strajk Kobiet, Grupa główna, Sema Ukraine, Rezistanta Ukraine.

Актывісткі заклікалі апрануцца ў чорнае, узяць з сабой транспаранты «і ўшанаваць памяць Лізы так, як кожны палічыць найболей годным» увечары 6 сакавіка на месцы здарэньня.

А 18-й у сераду ў цэнтры Варшавы на вуліцы Журавяй, 47, каля стыхійнага мэмарыялу ў памяць Лізаветы сабраліся сотні людзей. Людзі пачалі зьбірацца яшчэ за паўгадзіны да пачатку акцыі.

На пачатку маршу слова ўзяла адна зь яго арганізатарак:

«Ліза — зь Беларусі. Яна прыехала сюды ўладкоўваць сваё жыцьцё. Але тут, у Польшчы, яна страціла яго. Ніколі гэтага не забудзем і не прабачым! Мы ня хочам, каб гэта сустрэла яшчэ кагосьці. Мы ня хочам, каб людзі, якія прыяжджаюць да Польшчы, баяліся пра сваю бясьпеку».

«Ціхі марш» у памяць аб згвалтаванай Лізавеце. 15 фотаімгненьняў

Наста Базар, у сваю чаргу, адзначыла, што Ліза памерла, сярод іншага, таму, што не магла крычаць.

«Сёньня за яе крычаць будзем мы», — заявіла Базар.

Сярод прысутных шмат мужчын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма слоў, каб апісаць тое, што адбылося». Што кажуць жыхары Варшавы, якія прыйшлі да мэмарыялу памерлай ад гвалту беларускі. ВІДЭА

Каля месца злачынства

На маршы

«Польскія суды караюць гвалтаўнікоў сёньня вельмі лагодна, — кажуць польскія актывісткі. — Сытуацыя павінна зьмяніцца. Гвалт — гэта недапушчальна».

«Прабач мяне, Ліза, ад імя Польшчы, якая пазбаўленая пачуцьцяў. Давайце нарэшце навучымся дапамагаць, ня быць абыякавымі», — заявіла ў сваёй прамове суарганізатарка маршу Агнешка.

Яна нагадала лёзунг польскага пратэсту ў абарону жанчын: «Ніколі ня будзеш ісьці сама».

Грамадзкая актывістка Яна Шостак пачала прамову словамі: «Патрабую канца патрыярхату. Патрабую канца абыякавасьці, патрабую канца жорсткасьці».

Свой выступ яна скончыла хвілінай крыку «ў імя Лізы і кожнай з нас».

Прыкладна а 19-й мясцовага часу людзі, усклаўшы кветкі да фатаграфій забітай Лізы, рушылі маршам у бок Палаца культуры і навукі. Там акцыя завяршылася. Яна сабрала больш за 1000 чалавек.

Многія ўдзельнікі падкрэсьлівалі, што ў гвалту няма нацыянальнасьці.

«Гэта была жорсткая сьмерць, якая не павінна нідзе больш адбыцца», — кажа полька Эмілія, выціраючы сьлёзы, пасьля таго як паклала ружу каля фатаздымку Лізаветы.

«Я тут, бо гэта магло адбыцца з маёй дачкой і ўнучкай», — кажа жанчына сталага веку.

На вуліцы Журавяй, там, дзе пачаўся марш, 25 лютага на беларуску Лізавету напаў мужчына ў масцы. Яна вярталася раніцай дадому, ён прыставіў да яе шыі нож, сілай адцягнуў да суседняй брамы, дзе зьбіў і згвалтаваў. Аголеную Лізавету, якая ляжала на сходах без прытомнасьці, знайшоў вартаўнік і паведаміў у паліцыю. Падазраваным аказаўся 23-гадовы грамадзянін Польшчы. Яго арыштавалі на тры месяцы. Па выстаўленых абвінавачаньнях яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

1 сакавіка Лізавета памерла. Непасрэднай прычынай сьмерці стала гібель мозгу.

Стыхійны мэмарыял на месцы злачынства ў Варшаве

Здарэньне ўразіла ня толькі суайчыньнікаў загінулай беларускі, але і грамадзян іншых краін. У вядучых польскіх СМІ тэма сьмяротнага згвалтаваньня Лізаветы штодня была адной з асноўных.

У сваю чаргу, намесьніца міністра юстыцыі Польшчы Марыя Эйхарт заявіла ў этэры TVN24, што вызначэньне згвалтаваньня ў Крымінальна-выканаўчым кодэксе Польшчы зьменяць, «каб гэта стала злачынствам, а не — як сёньня — правапарушэньнем».

Пра трагедыю ў сацсетках выказваліся вядомыя палітыкі, журналісты і актывісты. У сацыяльных сетках пачалася акцыя #хопіцьгвалціць — пад гэтым хэштэгам людзі дзяліліся сваімі гісторыямі і развагамі пра сэксуальны гвалт.

Сваю зацікаўленасьць у маршы ў памяць Лізаветы на Facebook пацьвердзілі амаль 2 тысячы чалавек, удзел — больш за 800.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ахвяры маўчаць, мы будзем крычаць». Арганізатарка і ўдзельнік акцыі #хопіцьгвалціць тлумачаць, што зьменіць марш «Яе звалі Ліза»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грошы на лячэньне беларускі Лізаветы пачалі вяртацца на карткі ахвярадаўцаў, адкрылі новы збор на пахаваньне