Ганна Комар: «Мы сваё пакараньне за тыя дні ў 2020-м ужо адбылі»

Ганна Комар

У лёнданскім выдавецтве Skaryna Press пабачыла сьвет кніга паэткі і перакладчыцы Ганны Комар «Калі я выйду на волю». Гэта дакумэнтальная проза пра турэмны досьвед аўтаркі ў 2020 годзе, дапоўненая гісторыямі іншых беларускіх зьняволеных.

Пагаварылі з Ганнай Комар пра яе герояў і няпросты шлях кнігі да чытачоў.

«Татаў адказ быў адзіным, які выбіваўся з агульнага рытму ўзаемаразуменьня і падтрымкі»

— Ваша кніга — гэта ня толькі дзёньнікавыя запісы дзевяці дзён вашага зьняволеньня ў верасьні 2020-га, але і аповеды тых, хто прайшоў празь міліцэйскі гвалт, арышт і зьняволеньне ў той жа час, і блізкіх людзей, якія падтрымлівалі вас у тыя дні. Як вы знаходзілі сваіх суразмоўцаў?

— Я сабрала гісторыі яшчэ ў 2020 годзе. Тады я захоўвала сувязь зь некаторымі былымі сукамэрніцамі, якія пагадзіліся падзяліцца сваім досьведам для кнігі. Сярод тых, хто таксама быў у Менску на вуліцы Машэрава ў вечар майго затрыманьня, але пазьбег затрыманьня альбо каго адпусьцілі са штрафамі, былі знаёмыя і знаёмыя знаёмых. Мне хацелася перадаць наш калектыўны досьвед як мага больш поўна, таму я запісвала аповеды розных людзей, у тым ліку тых, каго ня ведала асабіста.

Кніга Ганны Комар

Былі людзі, зь якімі даўно хацелася пагутарыць, напрыклад маці, якія прыходзілі на пратэсты з маленькімі дзеткамі, і вось у мяне зьявіўся такі шанец. Сяброўкі і блізкія ахвотна дзяліліся аповедамі пра тое, як чакалі мяне на волі, шукалі, зьбіралі перадачы, пісалі лісты. Я нават свайго тату запытала, што ён думаў пра мой арышт. Яго адказ быў адзіным, які выбіваўся з агульнага рытму ўзаемаразуменьня і падтрымкі.

Ганна Комар

«Кантакт з многімі я згубіла наўмысна, з мэтаў бясьпекі»

— А ці ведалі вашы суразмоўцы, што іх сьведчаньні будуць уключаныя ў гэтую кнігу? Ці ўсе былі згодныя, каб вы запісалі іх гісторыі і надрукавалі іх?

— Так, усе мае суразмоўцы ведалі, што я зьбіраю матэрыял для кнігі, і ўсе былі згодныя. А як можа быць па-іншаму? Такія гісторыі можна зьбіраць, толькі калі чалавек ведае тваю мэту. Зразумела, што з 2020-га прайшло даволі шмат часу і правільна было б атрымаць яшчэ раз дазвол ад усіх маіх суразмоўцаў. Але з многімі ў мяне нават няма кантакту — я яго згубіла наўмысна, з мэтаў бясьпекі. Я ніколі не называла файлы імёнамі і адразу пасьля інтэрвію выдаляла кантактныя дадзеныя. Таму цяпер, на жаль, нават ня ўсе героі і гераіні кнігі даведаюцца, што яна выйшла... Я спадзяюся, што аднойчы змагу знайсьці іх і падарыць асобнік, калі гэта будзе для ўсіх нас бясьпечна.

— Вы запісалі і зьмясьцілі рэальныя гісторыі канкрэтных людзей. А ці ўсе яны ўвайшлі ў кнігу? Які быў прынцып адбору сьведчаньняў? Унікальнасьць гісторый? Іх брутальнасьць? Ці нешта яшчэ?

— Зьнітоўвае ўсе сьведчаньні ў кнізе мой дзёньнік — вакол яго будуецца аповед. Я тады была зусім не дасьведчаная ў дакумэнтальнай прозе, таму ўсё рабіла інтуітыўна. Сабрала пэўную колькасьць гісторый, якой мне падалося дастаткова, намагаючыся паказаць розныя адценьні сумесна перажытага досьведу. Мне было цікава, што розныя людзі пражывалі яго па-рознаму: хтосьці вельмі драматычна, хтосьці з гумарам. Я паспрабавала паказаць брутальнасць міліцэйскага гвалту і бязглузьдзіцу турэмнай сыстэмы, спосабы супраціву і выжываньня ў турэмных умовах, салідарнасьць і падтрымку ад тых, хто заставаліся на волі. І тое, як зьмяніў нас той досьвед — нешта станоўчае, што мы змаглі зь яго вынесьці. Кожная гісторыя для мяне важная, таму я мала што са сьведчаньняў пакінула па-за кнігай.

— На старонках кнігі многія прозьвішчы затушаваныя, пры гэтым імёны засталіся. Пазначаныя і месцы зьняволеньня некаторых вашых герояў. Ці ня створыць ім гэта праблемаў зь бясьпекай, калі яны застаюцца ў Беларусі?

— Не затушавалі імёны са сьпісу «Вясны» на адной са старонак. Усе астатнія імёны і прозьвішчы, назвы РАУСаў і іншыя зьвесткі, якія, на мой погляд, могуць несьці небясьпеку для маіх герояў, схаваныя. Я доўга ўзважвала, як правільна зрабіць, і лічу, што ў цяперашнім выглядзе немагчыма ідэнтыфікаваць, чые галасы прадстаўленыя ў кнізе, гэта цалкам каляжны тэкст. Больш за тое, нічога крымінальнага яны не зрабілі і не сказалі — мы сваё пакараньне за тыя дні ў 2020-м ужо адбылі. Пры гэтым я дакладна ведаю, што большасьць герояў кнігі знаходзяцца за мяжой.

«Гэтая кніга — даніна павагі і ўдзячнасьці тым, хто былі побач»

— Мовы кнігі — беларуская і расейская (з рэдкімі ангельскамоўнымі ўстаўкамі). Чаму вы выбралі менавіта такі моўны варыянт тэксту?

— Гэта дакумэнтальная проза, і я вельмі не хацела зьмяняць мову аповедаў, бо гэта тады б непазьбежна паўплывала на зьмест сказанага. Для мяне няма розьніцы, на якой мове расказвалі мне свае гісторыі, важнейшы быў давер. Таксама было цікава экспэрымэнтаваць з формай і шукаць спосаб перадачы жывога маўленьня на пісьме. Я яго знайшла: гэта карацейшыя і даўжэйшыя прабелы на месцы косак, двукроп’яў і іншых знакаў прыпынку, акрамя кропак і пытальнікаў. Ангельскамоўныя ўстаўкі паказваюць, што ня толькі ўнутры Беларусі мы былі салідарныя, а што за межамі нас таксама моцна падтрымлівалі. І я асабіста за тую падтрымку ўдзячная. Для мяне ўвогуле гэтая кніга — даніна павагі і ўдзячнасьці тым, хто былі побач. Так і заканчваецца яе пралог — прысьвячэньнем «Усім, хто былі побач».

«Мне хацелася хаця б праз дызайн зрабіць гэты досьвед менш балючым»

— Чаму кніга выходзіць амаль праз чатыры гады пасьля апісаных падзеяў?

— Я доўга пісала і рэдагавала яе. Першы чарнавы варыянт дапісала ўлетку 2021 году, у рэзыдэнцыі для пісьменьнікаў і перакладчыкаў у Вісбі (Швэцыя). Пасьля некалькі разоў рэдагавала, але мне штосьці муляла, я адчувала, што недагаворваю нешта істотнае для сябе. Я была цалкам задаволеная тым, як гучалі галасы іншых, але адчувала, што не раскрыла свой і, па сутнасьці, што хаваюся за іншымі. Пасьля быў пераезд у Лёндан, новыя клопаты, іншыя задачы, і кніга чакала. Увосень 2022-га я змагла на месяц паехаць у пісьменьніцкую рэзыдэнцыю ад Next Page Foundation у Сафіі (Баўгарыя), дзе зрабіла апошнюю рэдакцыю тэксту.

Але скончыць тэкст — гэта адна частка працы; дызайн, вёрстка і выданьне — іншая вялікая частка. Па-першае, у мяне была ідэя зрабіць нязвыклы дызайн тэксту. Я адпачатку разумела, што не хачу, каб ён проста ішоў суцэльным масівам, каб аповеды ішлі адзін за адным, бо насамрэч многія падзеі адбываліся адначасова ў розных пунктах аднаго і таго ж двара, у розных частках той самай турмы альбо адначасова ўнутры і па-за турмой. Да таго ж я разумела, што тэкст няпросты, і мне хацелася паклапаціцца пра чытача, хаця б праз дызайн зрабіць гэты досьвед хіба менш балючым. Патрабавалася вялікая дызайнэрская праца, а гэта дорага, як і друк кнігі. Такім чынам, мы змаглі пачаць працу, толькі калі атрымалі фінансаваньне ад Эўрапейскага Зьвязу ў рамках праекту EU4Culture. На стварэньне і друк кнігі нам спатрэбілася дзевяць месяцаў.

Але цяпер усё гатова, на сакавік заплянаваныя прэзэнтацыі ў Варшаве, Беластоку і Вільні. Будзе прэзэнтацыя ў Лёндане і, магчыма, у Тбілісі, у красавіку. Паколькі ўсе сродкі ад продажаў мы накіруем на падтрымку рэпрэсаваных людзей зь Беларусі, то цяпер важна, каб кніга трапляла да чытацкай аўдыторыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паэтка Ганна Комар: «Якога колеру прайгранае паўстаньне?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускім паэтам Ганьне Комар і Дзьмітрыю Строцаву ўручылі нарвэскую прэмію «За свабоду слова»