Рак, хворае сэрца, патрэба ў перасадцы органаў. Хто зь беларускіх палітвязьняў мае за кратамі вялікія праблемы са здароўем

Краты, ілюстрацыйнае фота

20 лютага стала вядома пра сьмерць 63-гадовага палітвязьня Ігара Ледніка. Гэта пяты вядомы праваабаронцам выпадак сьмерці палітвязьня за кратамі. Расказваем пра тых зь іх, хто мае патрэбу ў тэрміновай мэдыцынскай дапамозе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яго прыбралі ў турму, каб нікому не замінаў скаргамі». Што вядома пра барысаўскага палітвязьня Ігара Ледніка і яго сьмерць

Інфармацыя ўзятая з папярэдніх публікацый Свабоды і праваабарончага цэнтру «Вясна».

Васіль Бераснеў

Асуджаны ў «справе прафсаюзаў». Вырак — 9 гадоў зьняволеньня. Адбывае тэрмін у магілёўскай калёніі № 15, мае 74 гады.

Падчас знаходжаньня ў СІЗА ў Берасьнева значна пагоршыўся стан здароўя, павысіўся ціск, абвастрыліся хранічныя захворваньні, пачаліся праблемы з ныркамі.

У пачатку кастрычніка 2023 году стала вядома, што Васіля Берасьнева накіравалі з калёніі ў Магілёўскі абласны шпіталь. Ён мае патрэбу ў перасадцы ныркі. Вядома, што прафсаюзнага дзеяча вярнулі ў магілёўскую калёнію, ныркі не перасадзілі. Іншых зьвестак пра яго няма.

Маюць вялікія праблемы са здароўем і іншыя прафсаюзныя дзеячы ў зьняволеньні. У Генадзя Фядыніча, якога трымаюць у бабруйскай калёніі № 2, таксама пачаліся праблемы з ныркамі, а ён мае яшчэ і цукрыцу. У Вацлава Арэшкі праблемы са зрокам, ён ня бачыць на адно вока.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два гады зь дзевяці з болем у адзінай нырцы. Адзін з найстарэйшых палітвязьняў Беларусі рыхтуецца сустрэць Дзень народзінаў за кратамі

Павал Кучынскі

30-гадовы жыхар Маладэчна мае анкалягічную хваробу. Яму прысудзілі 4 гады і 9 месяцаў зьняволеньня. У Кучынскага першая група інваліднасьці, дыягназ — лімфома Ходжкіна чацьвёртай стадыі. Замест калёніі Паўла Кучынскага накіравалі ў рэспубліканскую лякарню для зьняволеных у Калядзічах, дзе палітвязень праходзіць курс хіміятэрапіі. Паводле зьвестак праваабаронцаў, лячэньне не дапамагае, хвароба прагрэсуе. Пасьля абсьледаваньняў курс мяняюць, але палітвязьню не становіцца лепш. Кучынскага пракансультавалі наконт перасадкі касьцявога мозгу, але ў зьняволеньні, у такіх умовах утрыманьня зрабіць гэта немагчыма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У анкахворага палітвязьня прагрэсуе хвароба, ён праходзіць курсы хіміятэрапіі ў турэмнай лякарні

Рыгор Кастусёў

Асуджаны ў «справе аб змове» на 10 гадоў калёніі. Мае шмат хваробаў, у 2023 годзе праводзілася абсьледаваньне па падазрэньні на анкалёгію, вынікі якога палітвязьню не паведамілі. У яго баляць і ацякаюць ногі ад моцнага варыкозу.

У студзені 2024 году ў справе 66-гадовага Кастусёва прайшоў яшчэ адзін суд. У выніку палітвязьню ўзмацнілі пакараньне і адправілі ў крытую турму № 1 Горадні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хворы на рак палітвязень і старшыня партыі БНФ Кастусёў скардзіцца на здароўе

Натальля Таран

Мае 75 гадоў, была асуджаная за камэнтары ў сацсетках на тры з паловай гады. Мае шэраг хранічных захворваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры гады пасьля выбараў 2020 году: мінімум 3645 чалавек асудзілі ў крымінальных справах з палітычных матываў. Статыстыка праваабаронцаў

Ірына Мельхер

Асуджаная на 17 гадоў калёніі ў «справе Аўтуховіча», мае 69 гадоў. Перанесла гіпэртанічны крыз, мае праблемы з сэрцам, нэрвамі, ныркамі.

Галіна Дзербыш

Яшчэ адна асуджаная ў «справе Аўтуховіча», атрымала 20 гадоў калёніі. Галіне 62 гады, яна мае анкалягічную хваробу, другую групу інваліднасьці, праблемы з сэрцам. У зьняволеньні пагоршыўся стан здароўя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятар, украінскія спэцслужбы, ракеты ЗША, майткі і купа г... 10 фактаў пра суд у «справе Аўтуховіча»

Уладзімер Гундар

Гундару 63. Яму прысудзілі 18 гадоў калёніі ў «справе Аўтуховіча». Уладзімер мае інваліднасьць другой групы, у яго адна нага. Вядома, што ў Гундара падвышаны ціск, ён перанёс гіпэртанічны крыз у зьняволеньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Зьняволенага інваліда Ўладзімера Гундара пазбавілі перадач і спатканьняў

Васіль Дземідовіч

72 гады, асуджаны на 7 гадоў калёніі. Улады ўключылі Дземідовіча ў «сьпіс тэрарыстаў». Мае праблемы са здароўем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нават мышы сьвяткуюць Каляды. 10 лёгкіх і новых беларускіх кніжак, якія можна чытаць падчас сьвятаў

Ала Зуева

Мае 62 гады. Зуеву асудзілі за камэнтары на 2 гады і 6 месяцаў калёніі. У яе лейкоз, праблемы са сьпінай, панічныя атакі.

Генрых Акалатовіч

Каталіцкі сьвятар, знаходзіцца пад сьледзтвам. Перанёс інфаркт, нядаўна яму была зроблена апэрацыя на страўніку ў сувязі з анкалягічным захворваньнем. Ён мае патрэбу ў мэдыцынскім назіраньні і пастаянным прыёме лекаў. Акалатовічу споўнілася 70.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі за «здраду дзяржаве» перасьледуюць як мінімум 55 чалавек

Андрэй Войніч

Атрымаў 7 гадоў калёніі. Адбывае тэрмін у магілёўскай калёніі № 15. Паводле сваякоў, ён сьмяротна хворы. Мае цыроз печані, цукровы дыябэт, пухліну над наднырачнікамі, выдалены жоўцевы пузыр, мноства ўскладненьняў. Да арышту Войніч штомесяц наведваў трансплянтоляга, рыхтаваўся да перасадкі печані. За кратамі 43-гадовы палітвязень пазбаўлены перадач і спатканьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жыцьцё сына ў небясьпецы!» Маці палітвязьня Андрэя Войніча заявіла, што ён сьмяротна хворы

Аляксандар Фядута

59 гадоў, атрымаў 10-гадовы тэрмін. Мае сур’ёзныя праблемы з сэрцам — вострую сардэчную недастатковасьць, здараліся прыступы стэнакардыі і арытміі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы палітвязень: «За кантакт зь Фядутам каралі карцарам»

Уладзімер Малахоўскі

Атрымаў 3,5 года зьняволеньня. Мае інваліднасьць трэцяй групы, пакутуе на анкалягічную хваробу, да затрыманьня прайшоў чатыры курсы хіміятэрапіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая «чорная зона» са 150 палітвязьнямі. Расказваем пра калёнію, дзе Ігара Лосіка ўжо год трымаюць бяз сувязі з роднымі

Яўген Бурло

Бубнач гурту Tor Band. Атрымаў на судзе 8 гадоў зьняволеньня. Прысуд выслухаў на мыліцах, бо ня мог стаяць. У яго нэкроз тазасьцегнавых суставаў, неабходна апэрацыя. У СІЗА ў Бурло было падазрэньне на анкалягічную хваробу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слоўнік рэпрэсіяў 2023 году. Расказваем, што новага сёлета змаглі прыдумаць сілавікі Беларусі

Ксенія Луцкіна

Журналістка, атрымала тэрмін 8 гадоў калёніі. Мае пухліну ў галаўным мозгу, якая расьце і правакуе цяжкія болі, Ксенія пастаянна прымае абязбольвальныя сродкі. Па словах блізкіх, Луцкіной патрэбна кансультацыя профільных спэцыялістаў, доступу да якіх няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 32 за кратамі, 33 прызналі «экстрэмістамі», а 12 — «тэрарыстамі». Лічбы пра перасьлед беларускіх журналістаў у 2023 годзе

Руслан Слуцкі

Рэйкавы партызан, асуджаны на 11 гадоў калёніі. Мае пухліну галаўнога мозгу, моцныя болі ў сьпіне. Перахварэў на запаленьне лёгкіх.

Сьцяпан Латыпаў

Асуджаны на 8,5 года калёніі. Суд Івацэвіцкага раёну перавёў Латыпава на турэмны рэжым адбываньня пакараньня на 2 гады. Палітвязьня этапавалі ў магілёўскую турму № 4.

У лютым 2024 году стала вядома, што Сьцяпан Латыпаў захварэў на цынгу. Цынга бывае ад нястачы вітаміну С. Пры адсутнасьці вітаміну яна можа разьвіцца за чатыры тыдні, пры недахопе — за чатыры месяцы. На фоне зьніжэньня імунітэту характарызуецца ломкасьцю сасудаў, кроватачывасьцю дзясен, выпадзеньнем зубоў, болем у канцавінах.

Гэта зусім ня поўны сьпіс хворых палітвязьняў. Пра многіх людзей ня маюць інфармацыі нават блізкія. Шмат хто пазбаўлены спатканьняў і іншай сувязі з вонкавым сьветам. Пра многіх палітзьняволеных сваякі баяцца даваць інфармацыю ў СМІ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ адна сьмерць палітвязьня за кратамі: у зьняволеньні памёр Ігар Леднік