«Зрабілі з дапамогай скотчу і таленту». Былыя акторы Купалаўскага тэатру прэзэнтавалі свой першы фільм

Кароткамэтражны фільм «Дух месца» прэзэнтавалі ў Варшаве. Падчас здымкаў фільма

Кароткамэтражны фільм «Дух месца» прэзэнтавалі ў Варшаве. Ён зьняты паводле апавяданьня Зьмітра Дзядзенкі «Тры магілы Арыка Фергаса».

Сцэнарыст і рэжысэр «Духу месца» — Павал Яскевіч, у фільме здымаліся Алег Гарбуз, Яўгенія Кульбачная, Сяргей Чуб, Андрэй Дробыш. Апэратарам быў Алег Кулажанка, музыка і гук Уладзімера Нейлінава, дубляж Аляксандра Зелянеўскага, мастачка па грыму Юлія Кузіна. Дапамагалі на пляцоўцы таксама Валянціна Гарцуева і Натальля Макарэц.

Гэта першая спроба зрабіць кіно сваімі сіламі, прызнаюцца самі «Купалаўцы». Кіно зьнятае цалкам на энтузіязьме, у здымачнай групы не было фінансаваньня, людзі дапамагалі «за ідэю» — мастачка па грыме прыехала адмыслова з Чэхіі, падзяліўся Павал Яскевіч.

Апавяданьне Зьмітра Дзядзенкі знайшлі ў часопісе «Мінкульт», што выдаецца ў Вільні, кажа Алег Гарбуз. Спачатку думалі зрабіць звычайнае кіно, шукалі нейкія лякацыі для здымак.

«А потым прыйшла ідэя зрабіць гэта... па-дурному. Такі экспэрымэнт. Калі нам дапамаглі з апэратарам, знайшлі пляцоўку, мы вырашылі: а чаму б нам не паспрабаваць зрабіць фільм з дапамогай скотчу і таленту?» — жартуе рэжысэр Павал Яскевіч.

Алег Гарбуз і Яўгенія Кульбачная

«Аўдыёкніга зь ілюстрацыямі на тэатральнай сцэне»

Гэта камэрная стужка, цалкам зьнятая ў памяшканьні варшаўскага бару Scena Chmielna. Хоць кароткамэтражка мае працягласьць 18 хвілін, але працы было шмат, прызнаўся Павал Яскевіч.

«Эмбіентная камэдыя» — так вызначылі жанр стужкі яе стваральнікі.

«Эмбіент — гэта асяродзьдзе, навакольле. Гэта такі стыль электроннай музыкі, эмбіент — ён характарызуецца атмасфэрным, ахінальным, ненадакучлівым гучаньнем. І мне здаецца, у нас атрымалася такое ненадакучлівае кіно. Калі камэдыя, то гэта як працуе? Усе павінны весяліцца тут і цяпер. А эмбіентная камэдыя — гэта калі вы праз тыдзень будзеце сумнымі, прыгадаеце наш фільм — і на твары зьявіцца добрая ўсьмешка.

Нам хацелася зрабіць такую калябарацыю тэатру і кіно: аўдыёкніга з ілюстрацыямі на тэатральнай сцэне», — патлумачыў свае задумы рэжысэр і сцэнарыст Павал Яскевіч.

Рэжысэр Павал Яскевіч

А Алег Гарбуз на прэзэнтацыі стужкі пажартаваў: «Эмбануты рэжысэр і ахінальнае кіно. Я вам ня раю губляць свой час і свае нэрвы. Успомні кіно, вось і яно...» — і сарваў аплядысмэнты гледачоў.

На здымках кароткамэтражнага фільму «Дух месца», які прэзэнтавалі ў Варшаве

Містычная гісторыя пра тры магілы аднаго героя

Пра што кіно? Галоўны пэрсанаж Сяргей, ролю якога выконвае Алег Гарбуз, прыяжджае ў камандзіроўку ў беларускі гарадок, і там праз помнікі, магілы і асабіста сутыкаецца з чалавекам, які праявіў сябе па-геройску ў розныя часы.

Гісторыя першая распачалася ў музэі, куды ў выходны прыйшоў Сяргей.

«Легендарны Арык Фергас «узначальваў падпольле і кіраваў ім да канца 1942 года. Падпольшчыкі дзейнічалі і на чыгунцы, і на заводах, і нават у гарадзкой управе. Але агент гестапа здолеў трапіць у іх шэрагі і выдаў патрыётаў», — са сьлязамі на вачах расказвае экскурсавод Галіна, якую сыграла Яўгенія Кульбачная.

Яна паказала Сяргею і помнік на плошчы Арыку Фергасу, які «загінуў у 1942 годзе ад рук фашысцкіх захопнікаў».

Андрэй Дробыш у ролі Фергаса

Гісторыю другога Арыка Фергаса, які «загінуў ад рук белапалякаў у 1920-м» распавёў Сяргею мясцовы «змагар Цімур, фатограф недзяржаўнай газэткі» — так прадставіла яго экскурсаводка з музэю. (ролю Цімура выконвае актор Сяргей Чуб). Ён паказаў іншую магілу чырвонага падпольшчыка Арыка Фергаса, што «загінуў ад рук белапалякаў у 1920 годзе».

«Але не маглі камуністы не збрахаць, — кажа Цімур і распавядае, як гвардзейца Фергаса забілі свае ж чырвонаармейцы. — Пісаць, як камуніст загінуў у баі з чырвонаармейцамі, было палітычна няправільна, таму на магіле і напісалі: «загінуў ад рук белапалякаў», — патлумачыў ён праўду Сяргею.

Трэці Арык Фергас, магілу якога Сяргей знайшоў выпадкова на тых жа самых могілках, «загінуў ад рук царскіх жандараў у 1905 годзе».

Мясцовы змагар і фатограф недзяржаўнай газэткі Цімур кажа, што можна было б «забубеніць» прыгожую гарадзкую легенду пра «Дух Месца»:

«Дух Месца зьяўляецца ў цяжкую часіну выпрабаваньняў, дапамагае гараджанам, а потым зноў зьнікае...», — па-філязофску разважае Цімур.

На здымках фільма

«Мой твор, мае пэрсанажы здольныя натхніць іншых творцаў на імправізацыю»

Аўтар апавяданьня «Тры сьмерці Арыка Фергаса» Зьміцер Дзядзенка напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

«Я ня меў ніякага дачынення да стварэньня стужкі: не пісаў сцэнара, ня ўдзельнічаў у кастынгу, не абмяркоўваў з рэжысэрам аніводнага моманту фільма. Што атрымалася — пабачыў разам зь іншымі гледачамі. Я вам прызнаюся: я задаволены, як звярушка слонь.

Па настроі гэта атрымаўся іншы твор, чым пісаў я. Па некаторых пэрсанажах — іншы. І я — за-да-во-ле-ны!

Гэта значыць, мой твор, мае пэрсанажы здольныя натхніць іншых творцаў на імправізацыю па матывах майго твора. Ці ж гэта кепска?!» — так ацаніў першы фільм «Купалаўцаў» аўтар апавяданьня Зьміцер Дзядзенка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Купалаўцы» пачалі праглядаць пляцоўкі для новага тэатру. Два варыянты давялося адкінуць«Купалаўцы» анансавалі новы экспэрымэнтальны спэктакль. Прэм’ера на Youtube — сёньня, 20 студзеня«Рана ці позна і вайна скончыцца, і перамены ў нас адбудуцца». Былы дырэктар беларускага тэатру пра жыцьцё і творчасьць у Фінляндыі«Лёс краіны важнейшы за лёс тэатру». Вялікая размова з акторам Мікалаем Стонькам«Купалаўцы» падрыхтавалі спэктакль паводле рамана Бахарэвіча «Плошча Перамогі». Прэм’ера пройдзе ў Варшаве«Гісторыя Купалаўскага скончылася на 100-годзьдзі». Размова з Валянцінай Гарцуевай