Ціханоўскую маглі праслухоўваць польскія спэцслужбы. Пракуратура пачала расьсьледаваньне

Сьвятлана Ціханоўская і прэзыдэнт Польшча Анджэй Дуда, студзень 2024, ілюстрацыйнае фота

Польскія спэцслужбы маглі весьці праслухоўваньне падчас сустрэчы Сьвятланы Ціханоўскай з палітыкамі тагачаснай апазыцыі Польшчы ў адным з гатэляў Варшавы. Сярод тых, хто маглі мець дачыненьне да справы, называюць імёны былых высокапастаўленых сяброў партыі PIS.

Пракуратура Польшчы ініцыявала расьсьледаваньне па факце незаконнага сачэньня ў гатэлях сеткі Polski Holding Hotelowy. Сьледчыя правераць, ці не праслухоўвалі спэцслужбы за часам кіраваньня партыі «Права і Справядлівасьць» PIS) размовы лідэра беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай, у прыватнасьці зь цяперашнім міністрам і каардынатарам спэцслужбаў Томашам Семанякам.

У артыкуле называецца імя дэпутата ад партыі ПіС Яахіма Брудзіньскага. Паводле дадзеных Gazeta Wyborcza, менавіта яму прэзыдэнт гатэльнага холдынгу Гэоргэ Крыстэску паведаміў, што ў гатэлі Marriott у Варшаве (гатэль знаходзіцца пад упраўленьнем холдынгу) пройдзе сустрэча дэпутатаў ад «Грамадзянскай плятформы» зь Ціханоўскай.

«У электронным лісьце ён згадаў, што на сустрэчы будзе прысутны «санітарны доктар». На слэнгу спэцслужбаў гэта азначае, што памяшканьне, дзе павінны былі праходзіць перамовы, праслухоўвалася альбо што ў склад пэрсаналу ўваходзіў агент спэцслужбаў», – паведаміла Gazeta Wyborcza.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ціханоўская сустрэлася з маршалкамі Сэйму і Сэнату Польшчы. Пра што яны дамовіліся

«Гэта абсалютна шокавая сытуацыя... Асабліва сумна, што сачэньне тычылася лідэркі беларускай апазыцыі, якая ўцякла з краіны ад таталітарных абмежаваньняў», – пракамэнтаваў сытуацыю цяперашні міністар і каардынатар спэцслужбаў Томаш Семаняк, які быў на той сустрэчы зь Ціханоўскай.

Паводле сьледзтва, да незаконнага сачэньня маглі мець дачыненьне ня толькі Гэоргэ Крыстэску, але таксама цяперашні дэпутат Эўрапарлямэнту Яахім Брудзіньскі і некаторыя іншыя члены партыі PIS, былы міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі і яго намесьнік Мацей Вонсік. Вонсік і Брудзінскі ўжо адмовілі сваю датычнасьць да сачэньня і назвалі інфармацыю фэйкам.

Офіс Сьвятланы Ціханоўскай пакуль не камэнтуе гэтай інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністар замежных спраў Польшчы Сікорскі сустрэўся зь Ціханоўскай