«Намаляваць такое ў турме — подзьвіг». Рэпартаж з выставы Паўла Севярынца. ФОТА

Выстава малюнкаў Паўла Севярынца «У сэрцы Беларусь» у Варшаве, Польшча

У экспазыцыі прадстаўлены творы, якія палітык і пісьменьнік намаляваў за кратамі. Расказваем, як яны апынуліся за мяжой.

Выстава твораў палітвязьня Паўла Севярынца «У сэрцы — Беларусь» адкрылася ў варшаўскай прасторы Witryna Domu Wshodniego 30 студзеня. Калі яе наведнікі бачаць алоўкавыя рысункі, зробленыя ў розных вязьніцах, ва ўсіх адразу паўстае пытаньне: як яны апынуліся на волі? Якім чынам змаглі «вырвацца» з-за кратаў і трапіць на выставу?

Выстава «У сэрцы Беларусь» у Варшаве, Польшча

Насамрэч Павал маляваў свае творы — і ў ЦІП на Акрэсьціна, і ў СІЗА на Валадарцы, і ў шклоўскай калёніі — на старонках са звычайнага сшытка. Маляваў самымі звычайнымі алоўкамі, стоячы ў камэры. І слаў сям’і свае малюнкі разам зь лістамі. Потым гэтыя выявы адмыслоўцы апрацавалі, павялічылі і стварылі паўнавартасную экспазыцыю.

70 выяў за паўтара года

На малюнках — партрэты сям’і Паўла: бацькі Кастуся, маці Тацяны, жонкі Вольгі, сына Францішка, сёстраў Ганны і Дашы, а таксама выявы беларускіх храмаў, краявіды, прырода, караблі зь ветразямі.

Некаторыя малюнкі зробленыя адмыслова для маленькага сына і кранальна падпісаныя бацькам. Паколькі Павал ня меў магчымасьці кантактаваць з сынам, выхоўваць яго, бавіць зь ім час, ён маляваў для Францішка, апавядаў у лістах гісторыі пра сябе і сваё дзяцінства.

Малюнак Франішку Севярынцу

Цяпер лісты ад Паўла Севярынца сям’і не даходзяць.10 ліпеня 2023 года стала вядома, што палітвязьня перавялі са шклоўскай папраўчай калёніі № 17 у горадзенскую турму № 1. Севярынец, як і многія іншыя знакавыя палітзьняволеныя, знаходзіцца ў рэжыме «інкамунікада» — поўнай ізаляцыі ад вонкавага сьвету.

Сям’я Паўла Севярныца (бацька Кастусь, маці Тацяна, жонка Вольга, сын Францішак)

На першым малюнку — «Mini Cooper для Францішка» — рукой Паўла пазначана дата: 10 чэрвеня 2020 года. Значыць, намаляваў яго палітвязень літаральна на трэці дзень пасьля арышту (Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 году, напачатку зьмясьцілі ў ЦІП на Акрэсьціна. — РС). Для сына бацька маляваў і беларускі электробус, іншыя машыны. Ёсьць самаробныя паштоўкі для жонкі Вольгі, партрэты яе і сына.

У шклоўскай калёніі Павал даведаўся пра сьмерць бацькі (Кастусь Севярынец памёр 1 кастрычніка 2021 году. — РС). 2 кастрычніка зьняволены намаляваў яго партрэт і падпісаў: «Тата. Партрэт бацькі — пісьменьніка Кастуся Севярынца».

Апошні з атрыманых сям’ёй малюнкаў, «Лецішча», зроблены 27 лютага — 1 сакавіка 2022 году і падпісаны «Бывай, тата! Мы абавязкова пераможам». Усяго за першыя паўтара года зьняволеньня сям’я Севярынцаў атрымала каля 70 малюнкаў Паўла.

Малюнак «Лецішча»

«Каб выхоўваць у сына пачуцьцё прыгожага»

Павал Севярынец скончыў мастацкую школу, але вельмі даўно не маляваў, хіба са студэнцтва, расказвала некалі пра захапленьне мужа Вольга Севярынец. Па яе словах, было вельмі цікава назіраць, як Павал паступова ўспамінаў тэхніку рысунку, як з кожным лістом творы станавіліся ўсё больш яскравымі, дакладнымі, дасканалымі.

У экспазыцыі прадстаўлена шмат выяваў беларускіх храмаў: касьцёлаў, цэркваў з розных куткоў краіны. І наведнікі не хаваюць эмоцый ад пабачанага:

«Я не перастаю зьдзіўляцца, як за кратамі, ня маючы мальбэрта, нармальнай паперы, адмысловых прыладаў для маляваньня можна было стварыць такія цікавыя выявы? Як дакладна прапісаныя дэталі помнікаў архітэктуры: вежы, купалы, дахоўка, цаглінкі, крыжы, дэкор! Шкада, ня ведаю ўсіх назваў для гэтых архітэктурных дэталяў... Няўжо чалавек з такой дакладнасьцю можа трымаць у памяці такія дэталі і так падобна адлюстраваць? Вельмі шкада, што не магу запытацца ў самога аўтара...» — падзяліўся сваімі ўражаньнямі адзін з наведнікаў выставы, які назваўся Андрэем.

Жонка Паўла Вольга некалі прыадкрыла таямніцу, адкуль такая дакладнасьць у выявах, створаных палітвязьнем за кратамі:

«Спачатку Павал маляваў Францішку машынкі і іншы транспарт у якасьці падарунка, бо Францішак вельмі цікавіцца гэтай тэмай, а пасьля Павал вырашыў, каб яшчэ і „выхоўваць у сына пачуцьцё прыгожага“, маляваць храмы. Людзі дасылалі Паўлу шмат паштовак зь беларускімі краявідамі, ён перамалёўвае храмы зь іх», — дзялілася раней Вольга.

Неабыякавыя людзі выпусьцілі сэрыю паштовак з храмамі, якія намаляваў Павал Севярынец. Выдалі і каляндар на 2024 год «У сэрцы — Беларусь» зь яго выявамі помнікаў архітэктуры.

Малюнкі ў турме

На адкрыцьці выставы прагучала шмат успамінаў палітыкаў, сяброў, паплечнікаў пра Паўла Севярынца, паказалі відэахроніку зь яго ўдзелам.

«Добра, што мы ўспамінаем палітвязьняў. Самае лепшае, што мы можам паказаць — іхныя творы. Гэта азначае, што людзі не зламаліся за кратамі, працягваюць ствараць прыгажосьць. Сумна, што палітзьняволеных становіцца ўсё больш і больш», — адзначыла адна з арганізатарак выставы Тацяна.

Вячаслаў Сіўчык выступае перад наведвальнікамі выставы

«У лукашэнкаўскай турме намаляваць такое — подзьвіг. Цяпер і гэта ўжо немагчыма. Сыстэма стала больш жорсткай. А выстава з творамі палітвязьня Паўла Севярынца павінна перасоўвацца па парлямэнтах эўрапейскіх краінаў», — лічыць палітык Вячаслаў Сіўчык.

Ён згадаў, што нядаўна «хапун» закрануў і сям’ю Паўла — у Віцебску затрымалі яго маці Тацяну, якую пасьля аштрафавалі на вялікую суму.

Грамадзкая ініцыятыва «Валошкі» абвясьціла збор на кнігу Паўла Севярынца «Люблю Беларусь». Трэба сабраць 4700 злотых на друкаваньне 200 асобнікаў. Грошы ад продажу кніг пойдуць на дапамогу палітычна рэпрэсаваным пэнсіянэрам і інвалідам. Падрабязнасьці на сайце bchd.info.pl

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманую днямі маці палітзьняволенага Паўла Севярынца адпусьцілі дадому да суду
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо сёньня: дзень нараджэньня Паўла Севярынца і Ніны Багінскай