Канада павялічвае свой вайсковы кантынгент у Латвіі для ўзмацненьня бясьпекі ў Эўропе

Брыгада канадзкіх вайскоўцаў на вучэньнях ва Ўкраіне ў верасьні 2019 году. Ілюстрацыйнае фота

Прадугледжваецца, што асабовы склад канадзкай брыгады павялічыцца з 800 да 2000 вайскоўцаў.

Канада абвясьціла аб павелічэньні свайго вайсковага кантынгенту ў Латвіі да канца 2026 году.

Пра гэта стала вядома ў часе візыту кіраўніцы парлямэнту Латвіі Дайгі Міерыні ў Канаду. Прадугледжваецца, што асабовы склад канадзкай брыгады павялічыцца з 800 да 2000 вайскоўцаў.

Як паведамляецца на афіцыйным сайце парлямэнту Латвіі, латвійскі ўрад прадоўжыць інвэставаць у вайсковую інфраструктуру, каб стварыць для канадзкіх вайскоўцаў магчымасьці паўнавартаснай службы і правядзеньня вайсковых вучэньняў.

Цяпер вайскоўцы Канады залучаныя ў падрыхтоўку ўкраінскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Латвіі.

Сьпікерка Сэйму Латвіі Дайга Міерыня назвала гэтае рашэньне Канады «яркім прыкладам адзінства і салідарнасьці хаўрусьнікаў па NATO і важнай інвэстыцыяй ня толькі ў бясьпеку Балтыі, але і ўсёй Эўропы, бо дае Расеі выразны сыгнал: NATO будзе абараняць кожны сантымэтар сваёй тэрыторыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямеччына пачне перамяшчаць сваю вайсковую брыгаду ў Літву са студзеня 2024 году

Раней стала вядома аб павелічэньні кантынгенту NATO ў Літве — туды мае прыбыць нямецкая брыгада. Раней міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс заяўляў пра гатоўнасьць разьмясьціць на тэрыторыі Літвы дадаткова 4 тысячы вайскоўцаў на сталай аснове. Цяпер у Літве стала знаходзяцца 800 нямецкіх вайскоўцаў, яшчэ 650 перакінулі туды часова пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну.