Расея правяла яшчэ адзін ракетны абстрэл гарадоў Украіны. Ёсьць ахвяры і разбурэньні. ФОТА

Выбух на газапарводзе пасьля расейскай ракетнай атакі на Харкаў, 23 студзеня 2024

Асабліва пацярпелі Харкаў і Кіеў.

Пяць чалавек загінулі, яшчэ сама меней 40 атрымалі раненьні ў выніку ранішняга ракетнага ўдару Расеі па Ўкраіне.

Як паведаміла прэс-служба МУС Украіны, у Кіеве ў выніку ракетнага ўдару адбылося некалькі пажараў – у Сьвятошынскім, Саломенскім і Пячэрскім раёнах. Адзін чалавек загінуў, ёсьць параненыя мірныя жыхары. Пашкоджаныя два шматпавярховікі, прыватная забудова, аўтамабілі. У той жа час мэр Кіева паведаміў пра 9 пацярпелых.

У Днепрапятроўскай вобласьці адзін чалавек загінуў, яшчэ адзін паранены ў выніку абстрэлу горада Паўлаграда.

У МУС удакладняюць, што расейскія вайскоўцы нанесьлі ўдары па двух шматпавярховых дамах у Харкаве. Паводле папярэдніх зьвестак, там загінулі тры чалавекі, яшчэ каля 30 атрымалі раненьні.

У Харкаве пасьля абстрэлу цалкам разбураны пад’езд жылога дому, ратавальнікі разьбіраюць завалы ў пошуках людзей, паведаміў мэр гораду Ігар Церахаў.

Вядома, што загінулі дзьве жанчыны, 11 чалавек паранена.

Наступствы расейскай атакі на Харкаў, 23 студзеня 2024

У частцы Кіеўскага раёну Харкава адсутнічае электрычнасьць, у многіх жыхароў — вада. Адна з ракет трапіла ў газаправод.

У прадмесьцях Харкава адбылося чатыры выбухі, параніла жанчыну, раненьні аскепкамі атрымалі дзеці, паведамілі папярэднія зьвесткі ўлады.

Наступствы расейскай атакі на Харкаў, 23 студзеня 2024

У Саломенскім раёне Кіева расейскі ракета ўдарыла ў жылы дом, пачаўся пажар, аднаго чалавека шпіталізавалі. Побач зь дзіцячым садком гараць аўтамабілі, інфармацыя пра пажар у самой установе не пацьвердзілася.

У Пячэрскім раёне Кіева — пажар у нежылым будынку.

У Кіеўскай вобласьці праз падзеньне аскепкаў расейскіх рэактыўных снарадаў пацярпелі тры чалавекі, ёсьць разбурэньні, паведаміла абласная вайсковая адміністрацыя.

«Па стане на 8:30 мы маем даныя аб трох пацярпелых. У гэты час людзям аказваецца першая мэдыцынская дапамога. У некалькіх населеных пунктах пашкоджана 3 шматпавярховыя дамы, прыватныя дамы і гаспадарчыя будынкі, 10 легкавых аўтамабіляў, кавярні, вядзецца ліквідацыя пажару на паркоўцы каля аднаго з жылых комплексаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

Наступствы расейскай атакі на Харкаў, 23 студзеня 2024

Расейскія вайскоўцы рэгулярна абстрэльваюць тэрыторыі Ўкраіны, якія знаходзяцца ў зоне дзеяньня іх ракет, бесьпілётнікаў, артылерыі і РСЗА, у тым ліку грамадзянскія аб'екты. Нягледзячы на наяўнасьць доказаў, Масква сьцьвярджае, што мэтай гэтых удараў зьяўляецца вайсковая інфраструктура Ўкраіны.

Пасьля расейскай ракетнай атакі на Кіеў. 23 студзеня 2024

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пад абстрэл у Харкаве трапіла здымачная група турэцкага агенцтва «Анадолу»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.