Расейская Генэральная пракуратура за 2023 год заблякавала амаль 70 тысяч матэрыялаў з «дэзынфармацыяй» пра вайну

Плякат у Расеі на пікеце ў абарону свабоды прэсы яшчэ да паўнамаштабнай вайны з Украінай. Масква, 2021

Крэмль востра і хутка рэагуе цэнзурай на публікацыі пра вайну, якую Масква афіцыйна «вайной» не называе.

Пра амаль 70 тысяч заблякаваных інтэрнэт-рэсурсаў паведаміла расейскае дзяржаўнае агенцтва ТАСС са спасылкай на наглядны орган. Большасьць зь іх зьвязаная з артыкуламі пра так званую «спэцыяльную ваенную апэрацыю», як расейскае кіраўніцтва афіцыйна называе вайну супраць Украіны.

«Галоўнай мэтай недружалюбных дзяржаў і іх прапагандыстаў застаецца дыскрэдытацыя дзеяньняў Узброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі ў Спэцыяльнай ваеннай апэрацыі і органаў улады краіны па абароне інтарэсаў грамадзян, падтрыманьні міжнароднага міру і бясьпекі», — заявілі ў расейскай Генпракуратуры.

У ведамстве называюць публікацыі часткай «татальнай гібрыднай вайны». Агулам за 2023 год Генпракуратура накіравала ў 2023 годзе 555 патрабаваньняў аб блякаваньні «непраўдзівай» інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Журналісты пацьвердзілі гібель 37 052 расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне

За папярэдні, 2022 год ведамства накіравала ў «Роскомнадзор» 853 патрабаваньні аб блякаваньні, быў абмежаваны доступ да 128 тысяч матэрыялаў. У Генэральнай пракуратуры паведамілі, што важную ролю ў зьмяншэньні колькасьці «дэзынфармацыі» адыграла блякаваньне сацыяльных сетак Facebook і Twitter.

Таксама ў расейскім ведамстве расказалі, што большая частка заблякаваных матэрыялаў зьвязаныя з вайной ва Ўкраіне.

«Пераважна яна зьвязана са Спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй. Нярэдка сустракаюцца заведама лжывыя публікацыі, якія датычацца эканамічнай сытуацыі ў краіне, рашэньняў, якія прымаюцца органамі дзяржаўнай улады», — расказалі выданьню ў Генпракуратуры.

Таксама там дадалі, што перад восеньскімі выбарамі «ўзмацніўся паток інфармацыі пра нібыта парушэньні, якія дапускаюцца падчас выбараў усіх узроўняў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы стаміліся ад вашай вайны». Калі надыходзіць момант, пасьля якога ваяваць больш немагчыма

У Расеі пасьля пачатку паўнамаштабнай вайны супраць Украіны 24 лютага 2022 году рэзка ўзмацніўся ціск на іншадумцаў. Людзям пагражаюць сур’ёзныя наступствы за выкарыстаньне слова «вайна» ў дачыненьні да баявых дзеяньняў, якія дзяржава вядзе супраць суседняй Украіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.