Папа Францішак у навагоднім пасланьні ўспомніў папярэдніка Бэнэдыкта XVI

Папа Францішак і Папа Бэнэдыкт XVI (на заднім пляне) у 2015 годзе

Раней у Італіі выйшла кніга пра няпростыя адносіны паміж двума сьвятарамі.

На заканчэньне сустрэчы зь вернікамі на малітве Анёл Панскі 31 сьнежня 2023 году Папа Францішак скіраваў заклік у сувязі зь першай гадавінай сьмерці Бэнэдыкта XVI, паведамляе Радыё Ватыкану.

«Год таму Папа Бэнэдыкт XVI завяршаў свой зямны шлях, пасьля таго як зь любоўю і мудрасьцю служыў Касьцёлу. Мы адчуваем да яго вялікую любоў, вялікую ўдзячнасьць і вялікае захапленьне. Няхай ён бласлаўляе і суправаджае нас зь неба», — сказаў Папа Францішак.

Ён таксама заклікаў заўсёды абараняць і падтрымліваць сем’і.

Пантыфік спаслаўся на сьвята Сьвятой сям’і, якое адзначалася 31 сьнежня. Успомніўшы Езуса, Марыю і Юзафа, скіроўваючы асаблівае прывітаньне сем’ям, якія сабраліся на ватыканскай плошчы сьвятога Пятра і тым, якія далучыліся да малітвы праз сродкі камунікацыі.

«Давайце ня будзем забываць, што сям’я — фундамэнтальная ячэйка грамадзтва: трэба заўсёды бараніць яе і падтрымліваць, заўсёды!», — падкрэсьліў Францішак.

Таксама пантыфік заклікаў ня крыўдзіць жанчын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак: «Хрыстус глядзіць не на лічбы, але на твары»

Зварот Францішка да спадчыны Бэнэдыкта XVI адметны тым, што ў студзені 2023 году ў Італіі выйшла кніга пра няпростыя ўзаемадзеяньні Францішка са сваім папярэднікам.

У кнізе шматгадовага асабістага сакратара колішняга Папы Георга Гэнсвайна — тры этапы жыцьця памерлага Бэнэдыкта XVI: калі ён быў прэфэктам Кангрэгацыі Веравучэньня (1982-2005), у якасьці Папы (2005-2013) і пасьля свайго адрачэньня, калі ён стаў Папам-эмэрытам (2013-2022 гг.) — першым Папам, які адрокся ад пасаду за 600 апошніх гадоў. У цэнтры ўвагі ў кнізе — адносіны паміж двума Папамі: Бэнэдыктам XVI і Францішкам, а таксама аспэкты, якія тычацца іхных поглядаў на царкоўнае права і веру.

Гэнсвайн, які больш за 15 гадоў быў асабістым сакратаром Бэнэдыкта XVI, сьцьвярджае, што Францішак «разьбіў сэрца свайму папярэдніку», бо зноў абмежаваў выкарыстаньне лаціны, якую Бэнэдыкт, як кансэрватар, хацеў распаўсюджваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Італіі выйшла кніга пра цяжкія адносіны паміж двума Папамі