Лукашэнка даручыў разабрацца са скаргамі на кампанію сэрбскіх забудоўшчыкаў, зьвязаных зь Віктарам і Ліліяй Лукашэнкамі

Багалюб Карыч, Драгамір Карыч, Аляксандар Лукашэнка, Менск, чэрвень 2015

Пасьля дакладу старшыні Менгарвыканкаму Ўладзімера Кухарава наконт будаўніцтва жыльля ў сталіцы Аляксандар Лукашэнка зьвярнуў увагу на «скаргі» на адрас кампаніі «Дана Астра» і даручыў «разабрацца, чаму людзі крыўдзяцца».

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на прэсавую службу Лукашэнкі.

«Хай перарабляюць усё. Бо адкажуць так, як адказваюць усе ў Беларусі. Прыйшлі працаваць у Беларусь — хай працуюць як трэба. Трэба ўважліва паглядзець за гэтымі будаўнікамі», — сказаў Лукашэнка.

Зарэгістраваная ў Менску будаўнічая кампанія Dana Holdings («Дана Холдынгс/Дана Астра») кантралюецца братамі Багалюбам і Драгамірам Карычамі, сэрбскімі бізнэсоўцамі. Багалюб Карыч у 2022 годзе трапіў у санкцыйны сьпіс ЭЗ.

Увосень 2020 году выданьне EU Observer апублікавала расьсьледаваньне пра маёмасныя сувязі Dana Holdnigs з сынам Аляксандра Лукашэнкі Віктарам і ягонай жонкай Ліліяй Лукашэнкай праз кіпрскія афшорныя кампаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд адмовіўся зьняць санкцыі зь беларускай кампаніі Dana Astra, заснаванай братамі Карычамі

17 сьнежня 2020 году Рада ЭЗ унесла кампанію ў санкцыйны сьпіс. Пазьней кампанія трапіла пад санкцыі Вялікай Брытаніі, Швайцарыі, Альбаніі, Ісьляндыі, Ліхтэнштэйна, Нарвэгіі, Паўночнай Македоніі і Чарнагорыі, якія далучыліся да новых пакетаў санкцый.

У сакавіку 2023 году Dana Holdings/Dana Astra трапіла ў санкцыйны сьпіс Японіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сузаснавальніку Dana Holdings паставілі помнік у Менску. ВІДЭА

28 чэрвеня Эўрапейскі суд у Люксэмбургу адмовіўся здымаць санкцыі з Dana Astra. Згодна з рашэньнем кампанія застанецца ў санкцыйным сьпісе, бо падтрымлівае рэжым Лукашэнкі і атрымлівае выгады ад гэтага.

«Дана Холдынгс/Дана Астра» — адзін з асноўных дэвелапэраў і забудоўшчыкаў у Беларусі. Кампанія атрымала зямельныя ўчасткі для забудовы некалькіх буйных жылых комплексаў і бізнэс-цэнтраў. Уладальнікі Dana Holdings/Dana Astra падтрымліваюць шчыльныя адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Лілія Лукашэнка, ягоная нявестка, займае ў кампаніі высокую пасаду. «Такім чынам, Dana Holdings/Dana Astra здабывае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго», — гаварылася ў рашэньні суду.