Сілавікі затрымалі маці і бабулю, пагражаюць зьмясьціць іх на Новы год на Акрэсьціна. Што пра іх вядома

Акрэсьціна, ілюстрацыйнае фота

Што вядома пра затрыманых Тамару Каралёву і яе дачку Юлію, у якой ёсьць 4-гадовая дачка.

З жанчынамі запісалі «пакаяльнае» відэа, якое зьявілася ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў, заўважыла выданьне «Люстэрка».

У роліку маладая жанчына кажа, што ў 2020 годзе выходзіла на маршы пратэсту разам зь дзіцем у калясцы (яму тады было 8 месяцаў) і бел-чырвона-белым сьцягам. Яе таксама прымусілі сказаць на камэру, што яна працуе дырэктарам кампаніі і атрымлівае высокі заробак. У відэа зьнялі і бабулю дзіцяці — паводле яе, яна суправаджала дачку і ўнука на акцыях. Пры гэтым сям’я трапіла на камэры тэлеканала АНТ, які вёў рэпартаж з пратэстаў.

«Наша Ніва» даведалася падрабязнасьці пра жанчын. Юлія разам з мужам Алесем Місунам займаецца лёгкай атлетыкай і рэгулярна бегае паўмаратоны. Алесь Місуна — сузаснавальнік digital-агенцтва Qmedia, адзін з найбольш пасьпяховых маладых прадпрымальнікаў Беларусі.

Тамара і Юлія Каралёвы маюць уласны бізнэс — фірму «Каралёў трэйд», якая існуе больш за 15 гадоў і прадае паслугі і тавары ў сфэры «прыгажосьці, спа і вэлнэс». Акрамя касмэтыкі, гэта яшчэ і апараты для стварэньня спа-зонаў і салёнаў прыгажосьці, а таксама паслугі па афармленьні салёнаў пад ключ. Тамара — дырэктарка Асацыяцыі прыкладной эстэтыкі і спа Беларусі, а Юлія — ейная намесьніца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 сьнежня: У Гомлі за «здраду дзяржаве» затрымалі цэлую сям'ю; ператрус у кіраўніка фонду «Вольная Беларусь»

Хоць абедзьвюх жанчын затрымалі праз фота з жаночых маршаў, на ўсіх прадэманстраваных выявах яны стаяць на пешаходных сьцежках.

Акрамя таго, Юлію вінавацяць у тым, што на адзін з пратэстаў яна брала з сабой дзіця. Абедзьве жанчыны на відэа сілавікоў кажуць, што «найбліжэйшыя сьвяты правядуць на Акрэсьціна». Як вынікае з паведамленьня сілавікоў, маці малога дзіцяці арыштавалі на 15 дзён.

Паводле заканадаўства жанчыне, якая мае непаўналетняе дзіця, ня маюць права прысудзіць суткі, на яе можа быць толькі накладзены штраф.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мікашэвічах затрымалі былога лідэра незалежнага прафсаюзу на прадпрыемстве «Граніт»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: маці і бабулю 4-гадовага дзіцяці затрымалі за ўдзел у пратэстах; грамадзянку Расеі — за «экстрэмісцкія» падпіскі