Беларускі статыстычны камітэт абнародаваў дадзеныя па заробках у лістападзе 2023 году.
Паводле Белстату, сярэдні налічаны намінальны заробак у лістападзе склаў 1975,6 рубля. З улікам курсу Нацбанку на 30 лістапада 2023 году (3,11 рубля за даляр ЗША) гэта 635 даляраў у эквіваленце.
Варта адзначыць, што лічбы сярэдняга налічанага заробку, якія публікуе Белстат, — гэта лічбы да выплаты падаткаў і збораў. З налічаных заробкаў працаўнікі ў Беларусі выплачваюць 13% падатку на прыбытак і 1% — абавязковы ўнёсак у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. То бок сярэдні заробак у лістападзе па Беларусі пасьля ўсіх абавязковых вылікаў склаў каля 1699 рублёў.
У кастрычніку сёлета сярэдні заробак складаў 1971,2 рубляі (623 даляры ў эквіваленце), без уліку падаткаў і збораў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі зьвесткі аб заробках у краінах ЭАЭС. Глядзім, на якім месцы БеларусьПаводле справаздачы Белстату ў разрэзе рэгіёнаў Беларусі, самы высокі сярэдні заробак быў у лістападзе ў Менску — 2663,3 рубля. За ім Менская вобласьць (1958,2 руб.), Гомельская (1817,1 руб.), Горадзенская (1783,9 руб.), Берасьцейская (1763,7 руб.), Віцебская (1655,9 руб.). Самы нізкі сярэдні заробак — у Магілёўскай вобласьці (1640,3 руб.).
Па галінах эканомікі самы высокі сярэдні заробак у мінулым месяцы традыцыйна быў у галіне «Інфармацыя і сувязь» (якая ўключае ў сябе і ІТ-галіну), самы нізкі — у адукацыі.
Сярэднія заробкі ў лістападзе 2023 году па розных галінах (да вылічэньня падаткаў і збораў):
- інфармацыя і сувязь (якая ўключае ў сябе і ІТ-галіну) — 5287,7 рубля,
- фінансавая і страхавая дзейнасьць — 2843,1 руб.,
- прафэсійная, навуковая і тэхнічная дзейнасьць — 2540,5 руб.,
- будаўніцтва — 2286 руб.,
- прамысловасьць — 2160,3 руб.,
- транспартная дзейнасьць, складаваньне, паштовая і кур'ерская дзейнасьць — 1995,8 руб.,
- сельская, лясная і рыбная гаспадарка — 1583,4 руб.,
- аптовы і розьнічны гандаль, рамонт аўтамабіляў і матацыклаў — 1772,8 руб.,
- апэрацыі зь нерухомай маёмасьцю — 1669,8 руб.,
- ахова здароўя і сацыяльныя паслугі — 1642,2 руб.,
- паслугі па часовым пражываньні і харчаваньні — 1410,2 руб.,
- іншыя віды паслуг — 1463,6 руб.,
- творчасьць, спорт, забавы і адпачынак — 1435,4 руб.,
- сфэра адміністрацыйных і дапаможных паслуг — 1384,5 руб.,
- адукацыя — 1357,1 руб.
Варта адзначыць, што ў агульнарэспубліканскай базе вакансій па многіх вакансіях, якія цяпер прапануюць наймальнікі, заробкі часта ніжэйшыя за сярэдні заробак па Беларусі. Так, з амаль 137,5 тысячы вакансій на 27 сьнежня больш як палова — 69,4 тысячы — прапануюць заробак у 1000 рублёў і менш, то бок амаль удвая меншы за сярэдні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З новага году мінімальны заробак павялічыцца да 626 рублёў, але ў далярах ён меншы ў параўнаньні з 1 студзеня 2023 году