Як паведаміла «Наша ніва», адказны за міжнародныя справы ў Аб’яднаным пераходным кабінэце дыплямат Валер Кавалеўскі, які апошнія тры гады працаваў побач са Сьвятланай Ціханоўскай у Вільні, пакідае Літву.
Адбываецца гэта на фоне больш строгага стаўленьня Літвы да беларускіх мігрантаў: новыя дазволы на жыхарства не выдаюцца, а старыя не падаўжаюцца для многіх з тых, хто некалі служыў у Беларусі ў дзяржаўных ці сілавых органах.
Кавалеўскі рабіў сваю карʼеру ў беларускім Міністэрстве замежных спраў, а таксама скончыў вайсковую катэдру і зьяўляецца афіцэрам запаса.
«Наша ніва» спытала пра гэта ў Кавалеўскага, і той адказаў, што нюансы з дазволам на жыхарства сапраўды ёсьць, але гэта супадзеньне.
«Мой пераезд у Варшаву не зьвязаны з дакумэнтамі, хоць гэта і супала са сканчэньнем тэрміну дзеяньня літоўскага ДНЖ. Прайшло 3 гады працы ў Вільні — гэта звычайны тэрмін для дыплямата ў адной сталіцы.
У Варшаве знаходзіцца большая частка прадстаўнікоў кабінэта, знаходжаньне ў адным горадзе паспрыяе эфэктыўнасьці супольнай працы. Мяняецца горад, але пры гэтым мае абавязкі застаюцца нязьменнымі», — сказаў Кавалеўскі.
На пытаньне Свабоды, ці падаваў ён дакумэнты на працяг літоўскага віду жыхарства Кавалеўскі не адказаў, зачявіў толькі, што "камэнтару «Нашай ніве» сказаў ён усё, што датычыць пераезду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У камандзе Ціханоўскай расказалі, на якім этапе знаходзіцца праца над «пашпартам новай Беларусі»