Ужо сёньня: дзень памяці Андрэя Сахарава

Архіўнае фота. Андрэй Сахараў прамаўляе на Першым зьезьдзе народных дэпутатаў СССР, чэрвень 1989

Падзеі 14 сьнежня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

14 сьнежня 1989 году ад інфаркту памёр Андрэй Сахараў, савецкі дысыдэнт і праваабаронца. Адзін са стваральнікаў першай савецкай вадароднай бомбы, выпрабаваньне якой адбылося ў 1953 годзе. Сахараў узначальваў фонд дапамогі дзецям палітвязьняў і бараніў правы чалавека, за што ў 1975 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру.

Таксама ў гэты дзень

1586 — у Горадні ўпершыню ва Ўсходняй Эўропе зрабілі патолягаанатамічнае ўскрыцьцё цела нябожчыка — караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, які памёр за два дні да таго. Спрабуючы вызначыць прычыну ягонае сьмерці, лекары доўга не маглі прыйсьці да згоды. Таму і пастанавілі зрабіць патолягаанатамічнае дасьледаваньне.

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Стэфан Баторый

1782браты Мангальф’е запусьцілі першы ў сьвеце паветраны шар.

1825 — група рэвалюцыйна настроеных расейскіх афіцэраў у Санкт-Пецярбургу паўстала супраць царызму.

1862 — у Менску было відаць паўночнае зьзяньне. Пазьней Уладзімер Караткевіч назваў гэтую зьяву «прадвесьцем будучай бітвы», маючы на ўвазе паўстаньне Каліноўскага, якое пачалося праз год.

1939 — Савецкі Саюз выключылі зь Лігі Нацыяў за напад на Фінляндыю.

1949 — Ерусалім абвясьцілі сталіцай Ізраілю.

1957 — у газэце «Літаратура і мастацтва» зьявіўся артыкул студэнта факультэту журналістыкі БДУ Барыса Сачанкі «Шанаваць родную мову». Гэта быў першы ў Беларусі публічны выступ супраць русыфікацыі за амаль 30 гадоў.

Барыс Сачанка

1993 — антыкарупцыйны даклад дэпутата Аляксандра Лукашэнкі ў Вярхоўным Савеце Беларусі.

2004 — Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала Прэмію за свабоду думкі імя А. Сахарава.

У гэты дзень нарадзіліся

1503Настрадамус, францускі лекар, астроляг і прадказальнік.

1546Тыха Браге, дацкі шляхціц, сёньня найбольш вядомы як адзін зь першых астраномаў у Эўропе.

1738Ян Мікалай Хадкевіч, дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.

1851 Эдвард фон Роп, магілёўскі арцыбіскуп, прыхільнік беларускай мовы ў касьцёле.

1890Іван Гаўрыс, мастак Віцебскай школы, удзельнік руху УНОВІС (з расейскай мовы «Утвердители нового искусства»), ахвяра сталінізму.

1905 Мікалай Дарожкін, беларускі міколяг і фітапатоляг, акадэмік АН БССР.

1912Уладзімер Кароль, беларускі архітэктар, суаўтар праектаў праспэкту Незалежнасьці, манумэнта Перамогі і будынка Галоўпаштамту ў Менску.

У памяці

1799Джордж Вашынгтон, першы прэзыдэнт ЗША.

Партрэт Джорджа Вашынгтана на купюры ў адзін даляр

1941 Эдуард Вольтэр, этнограф, аўтар кнігі «Матэрыялы да этнаграфіі латыскага племені Віцебскай губэрні».