У Літве зрабілі першы крок да абавязковага вывучэньня літоўскай мовы іншаземцамі, якія маюць часовы дазвол на жыхарства

Сейм Літвы. Ілюстрацыйнае фота

Адпаведныя зьмены Сейм разгледзіць на пленарным пасяджэньні ў часе вясновай сэсіі.

Сейм Літвы разглядае зьмены, якія ўсталёўваюць абавязковае патрабаваньне да іншаземцаў ведаць літоўскую мову пры прадоўжаньні часовага віду на пражываньне.

Як паведаміла выданьне LRT, дэпутаты-кансэрватары Лаўрынас Кашчунас, Паўлюс Саўдаргас і Аўдранюс Ажубаліс прапанавалі вызначыць, што іншаземцы, якія пражылі ў Літве пяць гадоў і жадаюць прадоўжыць часовы дазвол на жыхарства, павінны падаць дакумэнты, якія пацьвярджаюць веданьне дзяржаўнай мовы.

Адпаведныя зьмены Сейм разгледзіць на пленарным пасяджэньні ў часе вясновай сэсіі.

Паводле дэпутатаў, іншаземцы падаўжаюць часовы дазвол на жыхарства, а не зьвяртаюцца па дазвол на сталае пражываньне, якраз таму, што часовы дакумэнт не прадугледжвае неабходнасьці ведаць літоўскую мову і асновы Канстытуцыі Літвы. Дэпутаты перакананыя, што гэта стварае рызыкі фармаваньня дыяспар іншаземцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сейме Літвы зарэгістравалі папраўкі ў закон, якія абмяжоўваюць выдачу дазволу на часовае жыхарства беларусам

У пачатку сьнежня гэтыя ж дэпутаты зарэгістравалі ў Сейме папраўкі ў закон, якія абмяжоўваюць выдачу дазволу на часовае жыхарства беларусам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі дэпутат Кашчунас: беларусы не пратэставалі супраць вайны ва Ўкраіне. Насамрэч пратэставалі, 27 лютага было больш за 800 затрыманых