У «сьпісе экстрэмістаў» зьявіліся прозьвішчы нобэлеўскага ляўрэата Бяляцкага і памілаванага Лукашэнкам Пратасевіча
Раман Пратасевіч, чэрвень 2021
Палітзьняволеных праваабаронцаў «Вясны» сёньня ўнесьлі ў «сьпіс экстрэмістаў».
8 сьнежня МУС зрабіла зьмены ў «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці».
Як піша «Вясна», таксама ў сьпіс дадалі Сьцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка, якіх судзілі «завочна» разам з Пратасевічам. У траўні 2023 судзьдзя Вячаслаў Тулейка завочна прысудзіў Сьцяпану Пуцілу 20 гадоў, Яну Рудзіку — 19 гадоў, Раману Пратасевічу — 8 гадоў. Пазьней Пратасевіч быў памілаваны Лукашэнкам. Усіх траіх дадалі ў сьпіс 1 сьнежня. У сьпісе побач з прозьвішчам Рамана Пратасевіча стаіць пазнака «судзімасць не пагашана».
Сярод іншых, у сьпіс дадалі старшыню «Вясны» і нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесьніка і віцэ-прэзыдэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімера Лабковіча, праваабаронцу ДзьмітрыяСалаўёва.