Прадстаўнік Аб‘яднанага пераходнага кабінэту Беларусі ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі, які прысутнічаў на слуханьнях «Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі» ў Кангрэсе ЗША, паведаміў пра падрыхтоўку новай вэрсіі Акту аб дэмакратыі, сувэрэнітэце і правах чалавека ў Беларусі.
«Чакаецца, што неўзабаве гэты законапраект будзе ўнесены. Наколькі вядома, ён будзе больш усеабдымным і больш жорсткім датычна сытуацыі, з больш канкрэтнымі рэкамэндацыямі датычна выканаўчай улады і што ўрад Злучаных Штатаў можа зрабіць, каб паўплываць на сытуацыю ў Беларусі» — паведаміў Валер Кавалеўскі пасьля заканчэньня слуханьняў.
Таксама ён нагадаў, што ў сераду 6 сьнежня пачнецца першы дзень беларускага-амэрыканскага стратэгічнага дыялёгу.
5 сьнежня дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская 5 сьнежня ўзяла ўдзел у слуханьнях «Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі», якія арганізаваў падкамітэт у справах Эўропы камітэту міжнародных зносін Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША. Падчас слуханьняў абмяркоўвалі палітыку ЗША ў дачыненьні Беларусі, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, дапамогу грамадзянскай супольнасьці.
5 сьнежня ЗША пашырылі санкцыі адносна Беларусі: у санкцыйны сьпіс унесьлі 8 фізычных асобаў і 11 кампаніяў.
Што гаворыцца ў «Акце аб дэмакратыі ў Беларусі», прынятым Кангрэсам ЗША ў 2020 годзе
Амэрыканскі акт аб дэмакратыі ў Беларусі:
заклікае да правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў;
прызнае Каардынацыйную раду, створаную з ініцыятывы экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, у якасьці легітымнага інстытуту для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады;
заклікае да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных;
падтрымлівае імкненьне беларускага народу да свабоды веравызнаньня;
прадугледжвае аказаньне дапамогі ў прасоўваньні дэмакратыі і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці;
недвухсэнсоўна заяўляе пра палітыку ЗША ў справе «непрызнаньня ўключэньня Беларусі ў „саюзную дзяржаву“ з Расеяй»;
заклікае да распрацаваньня стратэгіі ЗША ў справе разьвіцьця тэле- і радыёперадаваньня, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
прадугледжвае падтрымку беларускіх СМІ і IT-сэктару.